Пасля выбараў Вялікабрытанія і Канада пашырылі свае санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Вялікабрытанія аб’явіла аб увядзенні санкцый супраць 9 фізічных і юрыдычных асоб у Беларусі, дзейнічаючы ў каардынацыі з Канадай. Пра гэта паведамілі на сайце ўрада Вялікабрытаніі. Таксама заяву аб увядзенні новых санкцый зрабіў канадскі ўрад.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/8deec53c-6002-3a99-8424-f1d8bb0494a9_850-e3abt.jpg.webp)
«Санкцыі накіраваныя супраць кіраўнікоў устаноў, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, і кампаній абароннага сектара Беларусі, якія падтрымліваюць вайну Расіі ва Украіне», — гаворыцца ў паведамленні ўрада Вялікабрытаніі.
Сённяшнія санкцыі закранаюць наступных асоб:
- Ігар Карпенка — старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі;
- Віктар Дуброўка — начальнік калоніі №11 у Ваўкавыску;
- Павел Казакоў — начальнік турмы №1 у Гродне;
- Андрэй Цэдрык — начальнік СІЗА №1 у Мінску;
- Андрэй Ананенка — кіраўнік ГУБАЗіКа;
- Міхаіл Бедункевіч — намеснік кіраўніка ГУБАЗіКа.
Таксама ў санкцыйны спіс уключаныя тры арганізацыі абароннага сектара Беларусі:
- ААТ «АЛЕЎКУРП» / ALEVKURP OJSC — кампанія, звязаная з урадам Беларусі, якая спецыялізуецца на даследаваннях, распрацоўцы і вытворчасці радыёлакацыйных сістэм і сістэм кіравання ўзбраеннем;
- завод «Легмаш» — беларуская кампанія, якая вырабляе боепрыпасы для абароннага сектара;
- КБ «Беспілотныя верталёты» / KB Unmanned Helicopters (UAVHeli) — беларускі распрацоўшчык і вытворца беспілотных лятальных апаратаў.
У сваю чаргу, Канада ўвяла санкцыі супраць 10 фізічных і 12 юрыдычных асоб Беларусі. Пра гэта паведаміў урад гэтай краіны:
Юрыдычнымі асобамі, у дачыненні да якіх уведзеныя канадскія санкцыі, сталі:
- атрад міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП);
- Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС;
- Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ);
- ААТ «Станкагомель»;
- ААТ «Беларускі металургічны завод» (Жлобін);
- ААТ «Завод «Легмаш» (Орша);
- канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты» (Мінск);
- ТАА «Лабараторыя адытыўных тэхналогій» (Мінск);
- ТАА «Рухсерваматор» (Мінск);
- Мінскі падшыпнікавы завод;
- Мінскі завод шасцерняў;
- ААТ «Вістан» (Віцебск).
Сярод фізічных асобаў, уключаных у санкцыйныя спісы Канады:
- Галіна Лукашэнка (афіцыйная жонка Аляксандра Лукашэнкі, з якой ён 30 гадоў не жыве);
- жонка і дзеці камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы Вольга Маршаловіч, Арцём Балаба і Максім Балаба;
- жонка і сын намесніка міністра МУС — камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова Ірына і Ігар Карпянковы;
- дырэктар «Легмаша» Уладзіслаў Паўленка;
- дырэктар КБ «Беспілотныя верталёты» Уладзімір Чудакоў;
- генеральны дырэктар БМЗ Анатоль Савянок;
- начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка.
Адзначаецца, што Канада ўводзіць санкцыі «ў сувязі з грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, а таксама яго падтрымкай парушэння Расеяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».
Каментары
Солнце низкое садится...
Зачем им эти санкции именно сегодня?