Па ўсёй краіне круцяць фільм пра Аляксея Талая. Квіткі прадаюць за 1 рубель, але ці ёсць гледачы?
Учора «Беларусьфільм» ладзіў па ўсёй краіне прэм'ерныя паказы фільма «Птушка Фенікс Аляксея Талая». Прапаганда выхвалялася поўнымі кіназаламі. Але ці шмат ахвотных паглядзець стужку сёння?
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/talaifilm-a4umg.jpg.webp)
Здымалі стужку па замове Міністэрства культуры. Ад пачатку здымкаў да першага паказу прайшло каля 5 месяцаў. Для прэм’еры дату выбралі не выпадкова — 22 студзеня быў дзень нараджэння Аляксея Талая. Хронаметраж фільма склаў 26 хвілін.
Рэжысёр Уладзімір Луцкі заявіў: «Я доўга шукаў код, які б дапамог мне падысці да фільма. Аднойчы я выпадкова ўбачыў фразу, якая, як мне падалося, вельмі дакладна адлюстроўвае тое, пра што я хачу здымаць. Яна гучала прыкладна так: у Бога быў план, каб гісторыя майго жыцця стала надзеяй для іншых».
Адзін з гледачоў падзяліўся, як ён назваў, «залатой цытатай з фільма»: «Рукі, ногі… Галоўнае — хвост!»
На відэа агенцтва «Мінск-Навіны» можна пабачыць, што ў зале на прэм’еры шэрагамі сядзяць дзеці ў аднолькавай форме і вайскоўцы.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/talaykino-rofyh.jpg.webp)
У сталіцы фільм будзе ў пракаце тыдзень (да 29 студзеня). Для паказу абраны два кінатэатры — «Беларусь» і «Бярэсце». Кошт квіткоў смешны — 1 рубель.
Але нават танныя квіткі не выклікаюць ажыятажу. У «Беларусі» прадалі на сёння 14 квіткоў, у «Бярэсці» — нуль. У абласных гарадах сітуацыя аналагічная. У Брэсце паглядзець фільм пра Талая можна ўсяго за 70 капеек, але на сённяшні паказ пакуль не атрымалася прадаць ніводнага квітка ў маленькую залу на 25 месцаў. На выходныя пакуль таксама продажы нулявыя.
Пры гэтым, яшчэ ўчора мясцовыя СМІ з захапленнем пісалі пра прэм’еру: «Вялікая зала кінатэатра «Беларусь» была поўная гледачоў, якія жадалі ўбачыць гэтую натхняльную гісторыю».
У Гродне, здаецца, ужо пайшла разнарадка выкупаць квіткі. Бо пакуль у кінатэатры «Чырвоная зорка» прададзена нуль квіткоў, у кінатэатры «Усход» нехта выкупіў паўтара шэрагу.
Нагадаем: беларускага паралімпійца Аляксея Талая Украіна абвінавачвае ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі. Талай зняўся таксама ў расійскім фільме пра вайну.
Каментары