Успышка захворванняў на вірусны гепатыт А можа быць звязаная з імпартам прадуктаў з Афрыкі
У Беларусі захворванне на вірусны гепатыт А за першыя шэсць месяцаў 2024 года павялічылася ў 7,5 раза, а да канца года гэты паказчык можа быць яшчэ вышэйшым. Адной з магчымых прычын росту захворвання могуць быць прадукты, імпартаванныя з Афрыкі або краін Блізкага Усходу, дзе вірус шырока распаўсюджаны, піша тэлеграм-канал «Белые халаты».
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/unnamed2-e77ae.jpg.webp)
Гепатыт А — гэта захворванне печані, якое распаўсюджваецца праз заражаную ежу ці ваду. Хоць хвароба і не пераходзіць у хранічную форму, захворванне суправаджацца цяжкімі сімптомамі і нават прыводзіць да смяротных выпадкаў. Напрыклад, у 2016 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя зафіксавала 7134 выпадкі смерці ад гепатыту А.
У мінулым годзе на кангрэсе «Інфекцыйныя хваробы, мікрабіялогія і імуналогія» адна з дакладчыц, прафесарка Тамара Амвросьева, расказала пра рэзкі рост у Беларусі захворвання на гепатыт А:
калі ў 2023 годзе ўзровень складаў 0,89 выпадку на 100 тысяч насельніцтва, а за 6 месяцаў 2024 года паказчык вырас да 6,6 выпадкаў на 100 тыс.чалавек. Прафесарка тады выказала здагадку, што да канца 2024 года паказчык захворвання можа дасягнуць 10 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.
Расследаванне гэтай сітуацыі, відаць, было праведзена, але афіцыйна ягоныя вынікі не апублічваліся. У той жа час цікавая інфармацыя змяшчаецца ў артыкуле, размешчаным у зборніку тэзісаў да V Усерасійскай канферэнцыі маладых навукоўцаў «Вірусныя інфекцыі — ад дыягностыкі да клінікі», якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу 11-12 красавіка 2024 года. Аўтары гэтага тэксту — супрацоўнікі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі і Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Беларусі.
Паводле даных, сабраных беларускімі спецыялістамі, за апошнія пяць гадоў вірус найчасцей распаўсюджваўся праз заражаныя прадукты харчавання (24,3%) і кантактна-бытавым шляхам (21,5%), а радзей — праз ваду (6,1%).
Падкрэсліваецца, што ў 2024 годзе магчымае занясенне вірусу звязанае з імпартам прадуктаў з рэгіёнаў, дзе ён распаўсюджаны, напрыклад, з Афрыкі і Блізкага Усходу.
Адным з найбольш рызыкоўных прадуктаў можа быць садавіна, напрыклад, клубніцы. У Еўрасаюзе ўжо былі выпадкі, калі клубніцы з Марока былі заражаныя вірусам гепатыту А праз паліў пасеваў неачышчанымі сцёкавымі водамі або праз кантакт з заражанымі людзьмі.
Беларускія ўлады, на думку аўтараў матэрыялу, недастаткова інфармуюць насельніцтва пра небяспеку, што не дае людзям магчымасці своечасова засцерагчыся. Вакцынацыя ад гепатыту А ў Беларусі не з’яўляецца абавязковай і праводзіцца толькі ў асобных выпадках па эпідэмічных паказаннях, напрыклад, пасля кантакту з хворым. У Мінску бясплатна вакцынуюць толькі дзяцей ва ўзросце 18 і 24 месяцаў.
Каментары
Поэтому статистику по увеличению случаев гепатита лучше скрыть. Не прекращать же такой прибыльный бизнес, подумаешь беларусы чаще начали болеть. А те кто заболели, как и в случае с ковидом, сами виноваты.