Здароўе22

Ці сапраўды варта класціся спаць раней?

Існуе папулярнае меркаванне аб тым, што гадзіна сну да паўночы раўняецца двум гадзінам пасля яе. Але ці сапраўды варта класціся спаць раней, каб быць у лепшай форме ранкам?

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: сацыяльныя сеткі

З пытаннем, ці сапраўды існуе карысць ад таго, што мы раней кладзёмся спаць, выданне Tagesspiegel.de звярнулася да спецыяліста-самнолага з Універсітэцкай клінікі Фрайбурга Кая Шпігельхальдэра.

Спецыяліст сцвярджае, што няма ніякіх навуковых доказаў таго, што сон да паўночы больш каштоўны і лепшы, чым пасля.

Аднак ёсць некалькі важных аспектаў, якія трэба ўлічваць пры планаванні часу адыходу да сну і яго працягласці.

Па словах Шпігельхальдэра, найбольш каштоўныя — першыя дзве-чатыры гадзіны сну. Яны аказваюць найбольшы эфект на аднаўленне нашага арганізму, бо менавіта ў гэты час мы даўжэй за ўсё знаходзімся ў працяглай фазе глыбокага сну.

Як тлумачыць самнолаг, здаровы дарослы чалавек падчас сну праходзіць праз чатыры-шэсць цыклаў працягласцю ад 90 да 110 хвілін кожны. Цыкл у сваю чаргу дзеліцца на чатыры фазы.

Першая — гэта фаза засынання, калі адбываецца пераход ад стану няспання да сну. У гэтай фазе мы расслабляемся, наша дыханне і пульс супакойваюцца, і мы больш не рэагуем на далікатныя дотыкі і ціхія гукі.

Далей ідзе лёгкая фаза сну, падчас якой расслабляюцца мышцы, запавольваецца сэрцабіцце і дыханне. У гэтай фазе некаторыя людзі адчуваюць мышачнае паторгванні, таму што мышцы і мозг прыходзяць у стан спакою з рознай хуткасцю.

Затым мы пераходзім у фазу глыбокага сну. Артэрыяльны ціск і тэмпература цела падаюць, сэрцабіцце і дыханне запавольваюцца. Гэта фаза, калі адбываецца найбольшае аднаўленне арганізму.

Апошняй фазай з'яўляецца фаза хуткага сну ці REM-фаза (ад анлійскага rapid eye movement — хуткі рух вачэй). Яна характарызуецца павышанай актыўнасцю галаўнога мозгу. Менавіта падчас яе мы бачым сны. Адной з прыкмет гэтай фазы з'яўляецца хуткі рух вачэй пад закрытымі павекамі.

Па словах доктара Шпігельхальдэра, незалежна ад часу, у які мы кладзёмся спаць, найважнейшым аспектам з'яўляецца тое, каб мы спалі дастаткова доўга і не парушалі свой біярытм.

Час адыходу да сну сам па сабе не мае крытычнага значэння, бо наш арганізм не ведае, калі надыходзіць поўнач. Калі мы кладзёмся спаць пазней, самы глыбокі сон усё роўна прыпадае на першыя яго гадзіны, якія дадуць той жа эфект аднаўлення, як і ў выпадку больш ранняга адыходу да сну.

Аднак існуе яшчэ адзін важны момант, на які трэба звярнуць увагу. Наш арганізм працуе ў рамках індывідуальнага цыркаднага рытму.

Ёсць людзі-«жаўрукі», якія адчуваюць сябе лепш, калі кладуцца спаць раней, а ёсць «совы», для якіх пазнейшы адыход да сну значна больш натуральны. Важна разумець і ўлічваць гэты асабісты рытм, каб палепшыць якасць сну і пазбегнуць хранічнай стомленасці.

Калі ж чалавек увесь час змяняе час адыходу да сну, парушаючы свой цыркадны рытм, гэта можа негатыўна адбіцца на яго здароўі. Хаатычны рэжым адыходу да сну павышае рызыку развіцця розных захворванняў, такіх як сардэчна-сасудзістыя хваробы, дыябет і праблемы з імуннай сістэмай.

Такім чынам, выснова простая: важнейшы не час, у які вы кладзяцеся спаць, а рэгулярнасць і стабільнасць сну. Калі вы зможаце прытрымлівацца рэгулярнага часу адыходу да сну, гэта значна палепшыць яго якасць і ваша самаадчуванне ранкам.

Каментары2

  • Янак
    12.01.2025
    Рэкамендацыя класціся спаць напрыклад у 10 гадзін або уставаць у 6, не улічвае мясцовы час на даннай тэрыторыі. Гэта асабліва відаць па Беларусі і Польшчы зімой. Беларус прачынаецца у 7, а паляк на Беласточчыне яшчэ спіць - бо там 5. У нас неадэкватны маскоўскі час, у Маскве раніцай у 8 ужо светла , а у нас яшчэ ноч.
  • Dg
    12.01.2025
    Янак, большасць палякаў пачынаюць працу ад 7 рана, але і заканчваюць раней каля 15.00. Бо зімой а 15 гадзіне ўжо цёмна.

«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця4

«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця

Усе навіны →
Усе навіны

Тварожная запяканка з яблыкамі — рэцэпт2

Чацвертая кніга з серыі пра Гары Потэра пабачыла свет1

Ад сёння на 10 месяцаў закрыўся мост з вуліцы Маскоўскай да плошчы Незалежнасці. Як будзе аб'язджаць звычайны і грамадскі транспарт?

Зяленскі: Паўночнакарэйскія войскі вярнуліся на лінію фронту2

Apple можа здаць прыватныя даныя ўсіх сваіх карыстальнікаў у свеце спецслужбам Вялікабрытаніі. Гэта можа стаць небяспечным прэцэдэнтам4

Неабходныя грошы на патрэбы Паліны Шарэнды-Панасюк сабралі за некалькі гадзін5

Трамп запатрабаваў закрыць USAID за «карупцыю»8

Нашчадкі готаў і фіна-вуграў нават больш, чым меркавалася. Што насамрэч у генах беларусаў і літоўцаў?46

Жахлівая гісторыя ў «Мінск-Свеце»: сабака на двары напароўся на шампур, гаспадыня лічыць, што яго ўваткнулі наўмысна1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця4

«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць