Дызайнеры прапануюць шмат ідэй, як зрабіць свой вобраз адметным і модным. Беларускія майстры таксама не адстаюць ад трэндаў.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_12/-hge5v.jpg.webp)
Пра сучасныя модныя трэнды расказала стылістка Ганна Прышывалка на сваім ютуб-канале Fashion Lunch.
«Цуда ў пёрах»
Як адзначае стылістка, ужо не першы сезон дызайнеры прапануюць мадэлі сукенак і футраў, якія нагадваюць пампоны на дзіцячых шапачках.
Такія макра-пампоны, зробленыя з карункаў, махроў, пёраў, футры а-ля лама прапануюць дызайнеры Tory Burch, Alaïa, Balenciaga, Diesel, Michael Kors, Alexander McQueen, Schiaparelli, Fenty і Erdem.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/-vl6i6.jpg.webp)
Стыль боха
Дызайнеры гавораць, што будучая вясна пройдзе ў стылі боха, назву якому даў рэгіён Багемія ў сучаснай Чэхіі. На гэтай тэрыторыі пражывалі плямёны цыган, эстэтыка якіх выдатна ўвасабляла іх светапогляд. Стыль быў вельмі папулярны ў 60-я гады, калі на піку папулярнасці былі хіпі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/-mtmiq.jpg.webp)
Элементамі стылю боха з'яўляюцца валаны, махры, тасьма. Ён спалучае ў сабе такія стылістычныя напрамкі, як рэтра, кантры, хіпі, гранж і многія іншыя.
Ідэальна са стылем боха спалучаюцца саламяныя аксэсуары, усходнія турбаны, вязка ў тэхніцы крашэ, сандалі і свабодныя кашулі з мехаватымі джынсамі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/1-blx26.jpg.webp)
Сёння боха модна спалучаць нават з рэчамі ў спартыўным стылі — вятроўкамі, камізэлькамі і майкамі пола. Сукенку ў стылі боха носяць з каўбойскімі ботамі, рамянямі і капелюшамі, а таксама спалучаюць з вельмі маскуліннымі рэчамі ў стылі сафары і мілітары.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/3-lg2bq.jpg.webp)
Сэксапільнасць
На змену аверсайзу прыходзіць дыяметральна супрацьлеглы трэнд, накіраваны на адкрытую дэманстрацыю жаночай сэксуальнасці.
Усё пачалося з руху, які атрымаў назву «фрыцітс», калі мадэльеры прапаноўвалі адмовіцца ад станікаў. Затым у модных гардэробах з'явіліся шорты, трусы і празрыстыя спадніцы. А селебрыці з'яўляліся ў раскошных голых сукенках.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/-mxyq9.jpg.webp)
Цяпер папулярнасць набывае бялізнавы стыль, які мае на ўвазе выкарыстанне ніжняй бялізны ў якасці звычайнага адзення.
Ці спусціцца гэты трэнд з подыума ў масы, пакуль не зразумела.
Кастамізацыя
Кастамізацыя — гэта працэс, пры якім рэч змяняюць па індывідуальнай замове, ствараючы ўнікальны прадмет адзення ці аксесуар.
Кастамізацыя становіцца ўсё папулярнейшай не толькі сярод лакальных брэндаў і рамеснікаў, але і сярод буйных кампаній. Напрыклад, у дубайскай краме Havaianas пакупнікі могуць самастойна кастамізаваць в'етнамкі, выбіраючы матэрыялы, колеры і аксэсуары.
Adidas прапануе сабраць і ўпрыгожыць свае красоўкі ў краме, а Hermès стварыў чахлы для сумак Birkin, дадаючы індывідуальнасці нават культавым аксэсуарам.
Ганна Прышывалка расказвае, што ў гэтым годзе вельмі модна ўпрыгожваць сумкі бірулькамі ці іншымі элементамі. Беларускі дызайнер аксесуараў Мікіта Куніцкі аб'яднаўся з іспанскім брэндам футурыстычнага адзення і аксэсуараў Bimba y Lola, стварыўшы ўнікальныя абвесы для сумак.
![mikita kunitsky Мікіта Куніцкі Никита Куницкий](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/bimba-67nz9.jpg.webp)
З кастамізацыяй працуе беларускі брэн-праект «Этыка» эка-актывісткі і дызайнеркі Вольгі Матусевіч. Рэчы, зробленыя Вольгай, адпавядаюць запытам адразу некалькіх трэндаў — акрамя кастамізацыі гэта экалагічнасць, разумнае спажыванне, а таксама імкненне да этнасу.
![etika](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/etika2-r47hz.jpg.webp)
Вуаль
Пасля дзесяцігоддзяў незапатрабаванасці вуаль зноў на піку папулярнасці. Яго транслююць такія брэнды, як Dior, Richard Quinn, Robert Wun, Dolce & Gabbana, Loewe, Schiaparelli, Valentino, Thom Browne.
![вуаль](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/-ngbll.jpg.webp)
Больш за тое, вуаль увайшла нават у мужчынскі гардэроб паводле версіі брэнда Undercover.
Не адстаюць ад апошніх тэндэнцый у модзе і беларускія дызайнеры, якія смела пераймаюць і адаптуюць глабальныя трэнды. Адзін з прыкладаў — беларускі брэнд галаўных убораў Valiumhats, які стварае вытанчаныя і стылёвыя вуалі.
![valiumhats](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_12/826-lxpt1.png.webp)
Каментары
Шапочка из фольги?