Цырымонія ўзнагароджання літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройця пройдзе ў Гданьску 26 лістапада, паведамляе Беларускі ПЭН. Журы вызначыць тры найлепшыя беларускія кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы і выдадзеныя ў 2023 годзе.
![photo_2024-10-31_15-09-14.jpg](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_11/o8d47ov4jm3hqpxa9ttt5wsfof0pnqu8-wa5m4.jpg.webp)
Таксама ў межах прэміі 25 і 26 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры Салідарнасці (plac Solidarności 1) будуць арганізаваныя сустрэчы з беларускімі аўтарамі, выстава, кніжны кірмаш і яшчэ шмат чаго цікавага. Падрабязную праграму арганізатары абяцаюць апублікаваць неўзабаве.
Спісы кніг, намінаваных у 2024 годзе, глядзіце па спасылцы.
Прэмія Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 года за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.
Арганізатарамі конкурсу Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця з’яўляюцца Аб’яднанне «Беларускі ПЭН», Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў», пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Мінску.
Каментары