Беларускага байца ММА ў Польшчы абвінавачваюць у збіцці. Яму пагражае да 20 гадоў
8.02.2025 / 9:41
Паліцыя польскага горада Ярацын затрымала 26-гадовага беларуса, які займаецца адзінаборствамі і ўдзельнічаў у турнірах ММА. Мужчыну падазраюць у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ён віну не прызнае і выклаў следчым сваю версію падзей, піша Most.
Ілюстрацыйнае фота
Інцыдэнт здарыўся яшчэ 21 ліпеня 2024 года. У аднаго з пабаў Ярацына беларус стаў наносіць ахвяры «ўдары рукамі ў вобласць галавы». Пасля судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што такія траўмы маглі пацягнуць пагрозу жыццю.
Устанавіць беларуса ўдалося па запісах камер назірання і паказаннях сведак.
Падчас допыту беларус адмаўляў віну і выклаў сваю версію падзей. Пракуратура не ўдакладняе, у чым яна заключаецца, але паведамляе, што сказанае мужчынам у сваю абарону супярэчыць запісам камер і іншым фактам, устаноўленым следствам.
Суд пастанавіў арыштаваць беларуса на тры месяцы. Артыкул, які яму выстаўлены, прадугледжвае пакаранне ад трох да 20 гадоў пазбаўлення волі.