У Гомелі і Гродне будуць рабіць аквапаркі
7.02.2025 / 20:5
Нядаўна стала вядома пра планы мясцовых уладаў пабудаваць аквапарк у Віцебску. Але аказалася, што і ў іншых абласных цэнтраў ёсць такія самыя намеры.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
На старонцы ў інстаграме гомельскага гарадскога выдання «Белка» са спасылкай на начальніка Гомельскага гарадскога ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Андрэя Марозава паведамляецца, што ў горадзе шукаюць інвестара для гэтых мэтаў.
Гэтая ідэя ўжо не новая, спачатку гомельскі аквапарк хацелі пабудаваць у раёне Валатаўскіх азёр, але інвестар для гэтага так і не знайшоўся. Цяпер для гэтых мэтаў прапануюць іншую пляцоўку — зямельны ўчастак у Любенскім мікрараёне.
Аўкцыён разлічваюць правесці ў першым паўгоддзі, і ў ім нібыта маюць намер узяць удзел сур'ёзныя інвестары.
У той жа час у тэлеграм-канале «Гродно. Главное!» пішуць пра будучае з'яўленне новага аквапарку і ў Гродне. Праўда, адмыслова яго будаваць не будуць, а перапрафілююць басейн «Лазурны», які цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі. Пасля яе завяршэння аб'ект стане ўключаць у сябе некалькі басейнаў, у тым ліку спартыўны і з атракцыёнамі для дзяцей і дарослых, джакузі, СПА-зону з рознымі відамі лазняў: ад рускай лазні да альпійскай сауны.
Адкрыццё рэканструяванага «Лазурнага» запланаванае на вясну 2026 года.