БЕЛ Ł РУС

Свет

Украінцы, якія бягуць ад мабілізацыі, плацяць тысячы даляраў, каб перасекчы мяжу з Беларуссю

2.10.2024 / 15:44

Nashaniva.com

Украінскія суды разглядаюць некалькі адміністрацыйных і крымінальных спраў, якія датычацца незаконнага перасячэння мяжы з Беларуссю, піша Радыё Свабода.

Адзін з раённых судоў Ровенскай вобласці ў канцы верасня аштрафаваў двух грамадзян Украіны на максімальна прадугледжаную за незаконнае перасячэнне мяжы суму — 8500 грыўняў (прыблізна 200 даляраў у эквіваленце. — РС).

Як адзначаецца ў рашэнні суда, які ў сваім распараджэнні мае Радыё Свабода, украінцаў затрымалі сёлета 20 верасня на тэрыторыі Сарненскага раёна Ровенскай вобласці, за 10 кіламетраў ад украінскай мяжы ў кірунку беларускай вёскі Бухлічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Пры складанні пратакола адзін з затрыманых паведаміў украінскім памежнікам, што меў намер «перасячы дзяржаўную мяжу з Беларуссю для далейшага пераезду ў краіны ЕС з мэтай пазбегнуць мабілізацыі».

Яшчэ адну справу, але ўжо крымінальную, расследуе паліцыя Ровенскай вобласці, якая выйшла на арганізатараў незаконнага перапраўлення ўкраінцаў у Беларусь. Згодна з матэрыяламі справы, гэтым займаліся тры чалавекі, якія за сваю дапамогу патэнцыйным прызыўнікам патрабавалі ад 600 даляраў да 9 тысяч даляраў.

Ахвотных пазбегнуць мабілізацыі яны перавозілі з горада Сарны Ровенскай вобласці ў іншыя населеныя пункты Сарненскага раёна бліжэй да мяжы, і на кожным этапе кожны з арганізатараў атрымліваў свой «ганарар». Тыя, хто падвозіў непасрэдна да мяжы, атрымлівалі найбольш — 9 тысяч даляраў.

Для перамяшчэння ахвочых пакінуць Украіну выкарыстоўвалі матацыкл і аўтамабілі, адзін з якіх меў замежную рэгістрацыю.

Сарненскі раён мяжуе з Брэсцкай вобласцю Беларусі, памежная тэрыторыя праходзіць праз балоцістую мясцовасць.

Справу расследуюць з сярэдзіны жніўня 2024 года. Два фігуранты знаходзяцца ў следчым ізалятары, яшчэ адзін — пад хатнім арыштам.

Раней падобную справу пачалі расследаваць у Чарнігаўскай вобласці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула