Літва дэнансавала пагадненне з Беларуссю аб абароне інвестыцый
1.10.2024 / 16:18
Сейм Літвы дэнансаваў тры міжнародныя пагадненні аб супрацоўніцтве з Расіяй і Беларуссю. У прыватнасці, адменена пагадненне 1999 года паміж Літвой і Беларуссю аб садзейнічанні і абароне інвестыцый, а таксама аналагічнае пагадненне з Расіяй і пагадненне з Расіяй аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання.
Будынак літоўскага Сейма. Фота: Hein/ullstein bild via Getty Images
За кожны законапраект прагаласавалі па 90-96 членаў Сейма, адзін дэпутат быў «супраць», а некалькі ўстрымаліся.
Пагадненні стваралі прававую аснову для садзейнічання ўзаемным інвестыцыям шляхам надання гарантый, абароны ад экспрапрыяцыі, а таксама ўсталёўвалі неабмежаваны перавод інвестыцыйных сродкаў за мяжу.
На думку МЗС Літвы, дэнансацыя пагадненняў аб садзейнічанні інвестыцыям не пацягне негатыўных наступстваў для краіны, а іх скасаванне набудзе моц праз 12 месяцаў.
Раней Літва дэнансавала пагадненне з Беларуссю аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама пагадненне аб асноўных прынцыпах памежнага супрацоўніцтва.