БЕЛ Ł РУС

Спорт

Сабаленка распавяла, што яна адчула пасля смерці Кальцова

22.08.2024 / 8:24

Nashaniva.com

Праз некалькі месяцаў пасля смерці былога бойфрэнда другая ракетка свету ці не ўпершыню больш дэталёва распавяла пра тое, што яна адчула пасля смерці і што не дала сабе часу ўсвядоміць трагедыю. 

Арына Сабаленка і Канстанцін Кальцоў. Фота: інстаграм Арыны Сабаленкі

Беларуска расказала пра гэта ў інтэрв'ю The Guardian, якое было апублікаванае ў сераду напярэдадні пачатку Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. 

Былы гулец Нацыянальнай хакейнай лігі і трэнер у башкірскім «Салават Юлаеве» Канстанцін Кальцоў у сакавіку выпаў з балкона пяцізоркавага гатэля ў Маямі і загінуў.

Спачатку паведамлялася, што гэтыя двое былі разам, але потым Сабаленка ўдакладніла, што гэта не так, яны незадоўга да гэтага разышліся, хоць яе сэрца было «разбіта». Гэта была адна з нямногіх заяў, якія яна зрабіла адразу пасля трагедыі, не лічачы звароту да сваіх прыхільнікаў з удзячнасцю за іх падтрымку.

Цяпер, праз пяць месяцаў, яна прызнала, што зрабіла б па-іншаму, калі б магла. 

Калі ў 2019 годзе памёр бацька Сабаленкі, яна з галавой сышла ў тэніс. І пасля гэтай трагедыі вырашыла сканцэнтравацца на спорце. На наступны дзень пасля смерці Кальцова яе заўважылі на трэніроўцы перад Адкрытым чэмпіянатам Маямі.

«Аднойчы я страціла бацьку, і тэніс дапамог мне перажыць гэтую цяжкую страту», — сказала яна.

«Такім чынам, у той момант [смерці Кальцова] я падумала, што павінна проста працягваць ісці наперад, працягваць гуляць, працягваць займацца сваёй справай, аддзяляючы сваё асабістае жыццё ад кар'еры.

«Але, урэшце, я б сказала, што ў мяне былі сур'ёзныя праблемы са здароўем, бо я не спынялася. Гэта было вельмі эмацыйна і напружана, і ў нейкай ступені падарвала маё псіхічнае здароўе ў той момант».

Сабаленка дадала, што, на яе думку, «найлепшым рашэннем» было б зрабіць крок назад і «перазарадзіцца». 

«Пачаць усё спачатку», — дадала яна. «Але я зрабіла тое, што зрабіла. У рэшце рэшт, я заплаціла за сваё рашэнне, але я сапраўды рада, што ў маім жыцці ёсць тэніс, і гэта сапраўды дапамагло мне прайсці праз усё і стаць мацнейшай».

26-гадовая тэнісістка была вымушаная на час адмовіцца ад удзелу ў гульнях на працягу апошніх некалькіх месяцаў з-за траўмы пляча, якая перашкодзіла ёй выступіць на Уімблдоне, і з-за хвароб, якія не дазволілі ёй прыняць удзел у Ралан Гарос і Алімпіядзе. 

«Я зразумела гэта толькі пасля таго, як атрымала траўму і была вымушана адступіць, што насамрэч гэта было вельмі неабходна», — сказала Сабаленка. 

«Цяпер я адчуваю сябе фізічна і маральна нашмат лепш і нашмат мацней», — дадала яна. 

Сабаленка ў панядзелак выйграла прэстыжны турнір у Цынцынаці ўпершыню пасля перамогі на Аўстраліян Оўпэн, вярнула сабе званне другой ракеткі свету і рыхтуецца да Адкрытага чэмпіянату ЗША ў добрай пазіцыі.

Год таму Арына дайшла да фіналу US Open, дзе прайграла Како Гаўф, але нягледзячы на паразу на два месяцы стала першай ракеткай свету.

Зараз Сабаленка сустракаецца з бразільскім бізнэсоўцам Георгіясам Франгулісам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула