«Ён ненаедны». У чым сакрэт маладога галкіпера, дзякуючы якому зборная Грузіі ўзяла сваё першае ачко на топ-турніры?
22.06.2024 / 22:15
Зборная Грузіі сёння згуляла на Еўра-2024 1:1 з Чэхіяй і тым самым здабыла першае ў гісторыі ачко для сябе на топ-турнірах. Ключавая заслуга ў гэтым — варатара зборнай. Георгій Мамардашвілі зрабіў за матч аж 11 сэйваў, што амаль рэкорд. Зборная ж Чэхіі сёння стала першай у гісторыі камандай, якая прабіла ў створ варот за матч 12 разоў і пры гэтым не выйграла. Sports.ru піша пра маладога грузінскага галкіпера, дзякуючы якому гэты цуд адбыўся.
Фота: AP Photo/Tamuna Kulumbegashvili
Што Георгій Мамардашвілі такі добры гулец, дакладна не сюрпрыз для тых, хто сочыць за яго гульнёй як мінімум у чэмпіянаце Іспаніі за «Валенсію». Да гэтай каманды ён далучыўся ў чэрвені 2021-га, у 20 гадоў.
Цяпер жа, праз тры гады пасля таго, ён самы надзейны кіпер Ла Лігі, за якім пільна сочаць «Баварыя», «Чэлсі» і «Атлетыка».
Георгій Мамардашвілі нарадзіўся ў верасні 2000 года ў Глдані, велізарным спальным раёне на паўночнай ускраіне Тбілісі. Ягоны бацька, Давід Мамардашвілі, у мінулым таксама пагуляў у варотах і нават выступаў за клуб «Гагра», але вышэй за гэты ўзровень не падымаўся. Тым не менш, менавіта ён прышчапіў Георгію любоў да футбольных варот і варатарскіх пальчатак.
Давід паказваў сыну відэа з Ікерам Касільясам і Джанлуіджы Буфонам, але найбольш таго ўразіў знакаміты нямецкі варатар Мануэль Ноер: Георгій з захапленнем сачыў за ягонай яркай манерай гульні і сэйвамі на чэмпіянаце свету ў Бразіліі ў 2014 годзе.
«Лічу, Ноер змяніў успрыманне варатароў, — кажа Мамардашвілі. — Гэта вялікі гулец, жывы прыклад. Узор для пераймання, на які варта раўняцца».
Мамардашвілі трапіў у акадэмію тбіліскага «Дынама» ў 12 гадоў, і неўзабаве яго там заўважылі. Праз два гады Георгія адправілі ў клуб «Мерані», дзе варатароў трэніраваў ягоны тата. Праца з бацькам у «Мерані» стала для фармавання таленавітага гульца ключавой: у гэтым клубе ён упершыню пачаў асобна трэніравацца браць пенальці, пракачваў рэакцыю.
Цяпер шмат хто называе Георгія «монстрам пенальці»: у гэтым сезоне за «Валенсію» ён узяў іх тры з шасці.
Фота: AP Photo/Ebrahim Noroozi
Праз год заняткаў з татам юнак вярнуўся ў тбіліскае «Дынама», але за дарослую каманду там не пагуляў зусім. Узімку 2019-га яго аддалі ў арэнду ў клуб «Руставі», праз год быў ужо тбіліскі «Лакаматыў», куды Георгія «сплавілі» на 2 гады.
Ён цяжка перажываў гэты перыяд і хацеў даказаць, што «Дынама» пралічылася. І гэта яму ўдалося: ужо ў 20 гадоў гульца «Лакаматыва» Георгія Мамардашвілі прызналі найлепшым варатаром чэмпіянату Грузіі. А калі ягоны клуб гуляў у кваліфікацыі Лігі Еўропы супраць іспанскай «Гранады», то на перспектыўнага грузінскага галкіпера звярнулі ўвагу скаўты «Валенсіі».
«Мне сказалі, што ў «Лакаматыве» зайграў выдатны варатар. Я пачаў сачыць за ім, — успамінаў футбольны агент Антоніа Лопес. — Убачыўшы яго супраць «Гранады», я адважыўся. Я звязаўся з «Атлетыка», «Барселонай», «Жыронай», «Вільярэалам», «Бетысам». Усе казалі мне: «Грузін? Не смяшы мяне». Я рваў валасы на галаве, бачыў топавага варатара. Ён дзівосны».
У выніку на прапанову Лопеса адгукнуліся толькі два клубы: «Валенсія» і «Сасьедад». Першыя прыйшлі да «Дынама» і прапанавалі арэнду з правам магчымага выкупу.
Георгій прызнаецца: «На самай справе мне пашанцавала. Я апынуўся ў патрэбным месцы ў правільны час».
Спачатку Георгія ў «Валенсіі» разглядалі толькі як чацвёртага галкіпера і планавалі зайграць у рэзерве. Але ўжо пасля першай трэніроўкі трэнер «Валенсіі» Пепе Бардалас быў прыемна здзіўлены: «Ён выглядае мацнейшым, чым мы чакалі. Цяпер у нас ёсць варатары, але мы назіраем за Георгіем».
А пасля Мамардашвілі крыху пашанцавала. Перад стартам сезона-2021/22 траўмаваліся асноўныя варатары «Валенсіі» Яспер Сілесэн і Хаўме Даменек, а новага дасведчанага кіпера не знайшлі.
Прыйшлося паставіць Георгія: ён выйшаў на матч з «Хетафе» ў 20 гадоў і 318 дзён і адыграў на нуль, зрабіўшы пяць сэйваў і стаўшы варатаром тура.
У выніку Мамардашвілі замацаваўся ў аснове нават пасля вяртання пасля траўмы Яспера Сілесэна. У першым жа сезоне ён стаў асноўным варатаром «Валенсіі», а неўзабаве яго ўпершыню выклікалі ў зборную.
Ужо два гады Георгій — адзін з галоўных кіпераў Ла Лігі, а фанаты яго абажаюць. «Валенсія» выкупіла яго за 850 тысяч еўра, прапісаных у кантракце, і трэнер клуба Рубен Бараха называе гэта «здзелкай стагоддзя».
У чым перавагі Мамардашвілі? Ён топавы шот-стопер, адзін з галоўных у Іспаніі. У яго найлепшыя вынікі па прадухіленых чаканых галах: ён ратаваў каманду не проста часта, але і эфектыўна. «Валенсія» шмат чаго дазваляе супернікам рабіць каля сваёй брамы, касячыць у абароне, але варатар пастаянна падчышчае за партнёрамі.
Фота: AP Photo/Sunday Alamba
Георгій выдаў сезон нароўні з Унаі Сімонам з «Атлетыка», якога лічаць галоўным кіперам Ла Лігі. У топ-лігах лічбы мацнейшыя толькі ў італьянцаў Джанлуіджы Данарумы з французскага «Пары-сен-Жэрмена» і Мікеле Дзі Грэгорыа з італьянскай «Монцы».
Яшчэ плюсы Мамардашвілі: выдатная рэакцыя, нядрэнная пластыка пры росце ў два метры. Ён моцны на выхадах, яго цяжка адштурхнуць ад мяча. Па перапыненых перадачах Георгій — другі ў Ла Лізе пасля Конана Ледэсмы з «Кадыса».
«Калі Георгій бачыць мяч — ніхто ў штрафной яго не дастане, нават не спадзявайцеся», — такі камплімент Мамардашвілі зрабіў форвард Уга Дура.
Мамардашвілі дэталёва праглядае шмат відэа, ведае пра звычкі нападнікаў перад ударамі. І не толькі з 11 метраў. Кажа, так прасцей прачытваць рэальны ўдар, калі яго спрабуюць заблытаць.
Ёсць у Георгія, праўда, і недахоп: ён не вельмі моцны ў гульні нагамі. Ён варатар старой фармацыі, не падыходзіць пад прасоўванне мяча. Не тое што ён зусім дрэнны, але да топ-кіпераў у гэтым аспекце не дацягвае.
Але цяпер у зборнай і «Валенсіі» яго не просяць гуляць у пас, важнейшыя сэйвы. А ў гэтым плане Георгій — гатовы топ-брамнік, што трымае планку на дыстанцыі некалькіх сезонаў.
У чым ягоны сакрэт? Сам Мамардашвілі сцвярджае — у поўнай самааддачы:
«За першыя паўгода ў Валенсіі ён выходзіў з дому толькі на трэніроўкі, ніякіх вечарынак, — расказаў экс-галкіпер Хасэ Пералес, знаёмы па «Валенсіі». —
Гэта засяроджаны хлопец, які ведае, што робіць. Ён хоча трэніравацца, добра харчуецца. Георгій моцна сочыць за сабой. Гэта хлопец, які дамагаецца сваёй мары, але рухаецца наперад за новай. Ён ненаедны».