Ва ўсіх беларусаў, якія жывуць у Літве, адклікалі дазволы на зброю
26.05.2024 / 20:12
Паўтара гады таму Сейм Літвы забараніў грамадзянам Беларусі і Расіі, якія жывуць у краіне, захоўваць зброю. З тых часоў усе выдадзеныя дазволы былі паступова ануляваныя. На момант прыняцця закона ў канцы 2022 года дазволам на зброю валодалі 294 грамадзяніна Расіі і 46 грамадзян Беларусі, піша LRT.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: jyngli.by
«Засталіся два чалавекі, зброя якіх дагэтуль не знойдзена. З гэтымі асобамі звязаліся, але цяпер яны не знаходзяцца ў Літве. Калі яны вернуцца ў Літву, зброю забяруць», — заявілі ў Дэпартаменце паліцыі.
Паводле закона, беларусы і расіяне абавязаныя былі прадаць або здаць сваю зброю на працягу года з даты ўступлення закона ў сілу, гэта значыць з 1 красавіка 2023 года.
У пачатку 2024-га ўсіх беларусаў і расіян, у якіх ёсць зброя, пісьмова праінфармавалі пра неабходнасць здаць або прадаць яе да 1 красавіка. Большасць выканалі патрабаванне ўладаў, у астатніх зброю забралі пасля 1 красавіка.
«Зброя не была канфіскаваная. Большая частка зброі ўжо прададзеная. Некаторыя з узораў перадаюцца ў зброевыя крамы на камісійны продаж. Невялікая колькасць зброі часова захоўваецца ў паліцыі», — расказалі літоўскія сілавікі.
Ініцыятарам закона быў цяперашні міністр абароны, а тады кіраўнік камітэта па нацбяспецы Лаўрынас Кашчунас. Палітык заяўляў, што папраўка да Закона аб кантролі над зброяй і боепрыпасамі дазволіць прадухіліць фармаванне і дзейнасць дыверсійных груп на карысць варожых дзяржаў.