Помнік «подзвігу савецкага народа» паставяць у Зімбабвэ
17.05.2024 / 22:24
У сталіцы Зімбабвэ Харарэ гатовыя паставіць помнік «перамозе Савецкага Саюза над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне», паведамляюць расійскія і беларускія дзяржаўныя СМІ, падкрэсліваючы, што такі помнік будзе «першым на афрыканскім кантыненце».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Tsvangirayi Mukwazhi
Паводле слоў Джозэфа Нкані, афіцыйнага прадстаўніка Музея афрыканскага вызвалення, у якім збіраюцца паставіць помнік, ён мае стаць «адным з цэнтраў мемарыяльнай экспазіцыі «Горада вызвалення».
Зімбабвійскі музейшчык бачыць сімвалізм у тым, што манумент будзе стаяць на ўзгорку пры ўездзе ў Харарэ з захаду, і праводзіць пры гэтым гістарычныя паралелі:
«Гітлераўскія полчышчы ўварваліся ў Савецкі Саюз у 1941 годзе менавіта з захаду, як і паўстагоддзя да гэтага — Брытанскі экспедыцыйны корпус у [нашу] краіну. Ворагаў нашых народаў у выніку чакаў адзін і той жа ганебны канец».
Прытым нібыта «менавіта поўная параза, якую нанёс СССР гітлераўскаму фашызму, натхніла афрыканцаў на вызваленчую барацьбу, дала надзею скінуць каланіяльнае ярмо».
Зімбабвэ — адна з тых афрыканскіх краін, якая мае моцныя палітычныя сувязі з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі, паміж імі спрабуюць завязваць і эканамічныя ўзаемаадносіны, многія аспекты якіх — непублічныя, якія вядуцца, напрыклад, праз кампаніі, звязаныя з афіліяваным з лукашэнкаўскім рэжымам бізнэсменам Аляксандрам Зінгманам.