БЕЛ Ł РУС

Культура

Кнігу пра пінскія балоты намінавалі на прэмію гістарычнай кнігі года ў Польшчы

7.11.2023 / 19:32

Nashaniva.com

Гістарычную прэмію імя Казімежа Мачарскага штогод уручае горад Варшава. Дзесяць галоўных канкурэнтаў журы сёлета выбрала са 104 кніг, дасланых на конкурс, піша «Радыё Свабода».

Ваколіцы Пінска. 1936 год

Сярод намінантаў — кніга «Пінскія балоты. Прырода, веды і палітыка на польскім Палессі да 1945 года». (Pińskie błota. Natura, wiedza i polityka na polskim Polesiu do 1945 roku). Яе аўтар — гісторык, прафесар Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук Славамір Лотыш.

Гэта першая манаграфія па гісторыі міжваеннай Польшчы (у яе склад уваходзіла і беларускае Заходняе Палессе), свядома напісаная з экалагічнай перспектывы.

«Пра Палессе пісалі так, быццам яно нічым не адрознівалася ад іншых краёў. Аднак там усё выглядала па-іншаму — сена збіралі па калена ў балоце, гандлявалі наўпрост з лодкі на пінскім рынку, а цэнтральная частка Палесся на некалькі месяцаў у годзе ператваралася ва ўнутранае мора. Славамір Лотыш паспрабаваў перапісаць міжваенную гісторыю гэтай зямлі, узяўшы за пункт адліку паўсюдныя балоты. У той час, як ён сцвярджае, планы іх асушэння былі галоўным элементам палітыкі дзяржавы ў адносінах да ўсходніх зямель, бо толькі асушэнне Палесся адкрывала шлях да яго каланізацыі», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

Кніга «Пінскія балоты»

Кнігу хваляць за тое, што, нягледзячы на яе навуковасць, яна напісаная жывой і багатай эсэістычнай мовай, якая прыцягвае чытача з першай старонкі і стварае захапляльнае чытанне да апошняй.

Прэмія імя Мачарскага — гэта адна з найважнейшых гістарычных прэмій краіны. Яна ўшаноўвае памяць Казімежа Мачарскага, журналіста і юрыста, дэмакрата і жаўнера Арміі Краёвай, які пасля вайны 11 гадоў знаходзіўся ў зняволенні камуністамі. Ён быў аўтарам «Размоў з катам», запісаў размоў з Юргенам Стропам, ліквідатарам Варшаўскага гета, з якім ён дзяліў адну турэмную камеру ў варшаўскім раёне Макотаў.

Пераможца стане вядомы 26 лістапада. Ён атрымае каля 12 тысяч даляраў грашовай узнагароды і статуэтку.

Чытайце таксама:

Пінскія балоты і палешукі без салодкіх стэрэатыпаў

Мачулішчы, Мачулішчы… А што значыць па-беларуску «мачулішча»?

«Лічу сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі». Як жыве жанчына пасярод балота

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула