Названы гульцы зборнай на матчы з Андорай і Ізраілем. Ёсць нават беларус з чэмпіянату Іспаніі. Але не спяшайцеся радавацца
25.08.2023 / 13:11
Збор галоўнай футбольнай каманды краіны працягнецца з 3 да 14 верасня. Адборачны матч Еўра-2024 з Андорай адбудзецца 9 верасня, а з Ізраілем — 12 верасня.
Леанарда Маскара-Капілевіч. Фота: АБФФ
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Карлас Алас Ферэр вызначыўся з канчатковым спісам гульцоў, якія згуляюць у матчах кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2024.
У фінальную заяўку трапілі 23 футбалісты.
Гэта тры галкіперы — Максім Плотнікаў («Каспій», Казахстан), Сяргей Ігнатовіч («Шахцёр», Салігорск) і Андрэй Кудравец (БАТЭ, Барысаў),
Абаронцы: Дзяніс Палякоў («Хапаэль», Хайфа, Ізраіль), Сяргей Паліцевіч («Дынама-Мінск»), Кірыл Пячэнін («Арэнбург», Расія), Уладзіслаў Малькевіч (БАТЭ, Барысаў), Захар Волкаў («Хімкі», Расія), Сяргей Карповіч, Ягор Пархоменка (абодва — «Нёман», Гродна), Леанарда Маскара-Капілевіч («Севілья Атлетыка», Іспанія).
Паўабаронцы: Уладзіслаў Клімовіч («Дыяшдз'ёр», Венгрыя), Макс Эбонг («Астана», Казахстан), Арцём Быкаў, Аляксандр Сялява (абодва — «Дынама-Мінск»), Юрый Кавалёў, Кірыл Капленка (абодва — «Арэнбург», Расія), Мікіта Корзун («Шахцёр», Салігорск), Валерый Бачэраў (БАТЭ, Барысаў).
Форварды: Павел Савіцкі («Нёман», Гродна), Іван Бахар («Дынама-Мінск»), Віталь Лісаковіч («Рубін», Казань, Расія) і Уладзіслаў Марозаў («Дынама-Мінск»).
Звяртае на сябе ўвагу выклік у зборную Леанарда Маскара-Капілевіча, які гуляе за «Севілья-Атлетыка». Але тут неабходна звярнуць увагу на наступныя рэчы.
Гэты гулец раней выклікаўся ў склад беларускай юнацкай зборнай і нават згуляў два матчы.
Леанарда нарадзіўся 20 год таму ў сям'і беларускі, што перабралася ў Іспанію, і мясцовага жыхара.
Цяпер ён выступае за клуб «Севілья Атлетыка», які з'яўляецца філіялам клуба «Севілья».
«Севілья Атлетыка» гуляе ў чацвертым дывізіёне ў Іспаніі. Там гуляе пяць групаў па 18 камандаў у кожнай. У мінулым сезоне «Севілья Атлетыка» фінішаваў на 10-м месцы.
У свой час у вышэйшай лізе чэмпіянату Іспаніі (сёння — Ла Ліга) выступалі Сяргей Гурэнка («Рэал Сарагоса»), Аляксандр Глеб («Барселона»), а гулец яшчэ мінскага «Дынама» 1980-х Андрэй Зыгмантовіч дапамог «Расінгу» выйсці ў вышэйшы дывізіён.
Але няма таго, што раньш было, як казаў паэт, зорка якога заззяла ў год нараджэння беларускага футбола.
Чытайце таксама: