Дзесяць небанальных фільмаў пра каханне да 14 лютага
14.02.2023 / 9:0
Маеце планы на Дзень усіх закаханых? Прапануем вам зладзіць кінавечар для сябе і другой палавінкі. Падабралі для вас дзесяць небанальных стужак пра каханне, якія могуць зрабіць гэты вечар цяплейшым.
Кадр фільма «Касабланка». Крыніца: flickr.com
«Браханне на зоркі» (Lajanje na zvezde), 1998
Пачнём з югаслаўскай рамантычнай камедыі. Дзеянне адбываецца ў 1963 годзе ў правінцыйным югаслаўскім гарадку, дзе працуе гімназія.
Мы бачым выпускны клас і яго выкладчыкаў, якія развітаюцца адно з адным праз два тыдні. Навучэнцы ўжо забылі пра заняткі, нашмат важнейшыя пытанні сяброўства і кахання. Гэта асабліва актуальна для Міхайла — хлопца, які спрабуе заваяваць сэрца дзяўчыны, да якой заляцаецца і яго брат.
«Касабланка» (Casablanca), 1942
Акцёры Хамфры Богарт і Інгрыд Бергман — зоркі гэтай класічнай стужкі пра каханне і вайну. Усё адбываецца ў Марока, на той час французскай калоніі. Цынічны амерыканец, уладальнік гульнявога клуба ў Касабланцы, раздумвае, ці варта яму дапамагаць ва ўцёках з Касабланкі былой каханай і яе мужу — прадстаўніку антыфашысцкага супраціву. А можа, лепш пакінуць каханую ля сябе?
Гэта гісторыя пра тое, ці можа сапраўднае каханне вытрымаць выпрабаванне часам. Чакаць рамантычнага хэпі-энду ў «Касабланцы» не варта, але мо інакш фільм і не быў бы легендай?
«Любоўны настрой» (Fa yeung nin wah), 2000
Гэтую артхаусную драму стварыў ганконгскі чараўнік ад кіно, рэжысёр Вонг Кар-Вай. Ён расказвае гісторыю двух суседзяў, Чоу Мо Вана і Су Лі Жон, паміж якімі ўзнікае моцная сувязь і сяброўства. Чоу жанаты, Су замужам, і яны абое пачынаюць падазраваць сужэнцаў у здрадзе.
Каб разабрацца, што адбываецца паміж іх каханымі, Чоу і Су спрабуюць перадаць тое, што ёсць у жыцці іх сужэнцаў, як гульню, і гульня паступова пачынае ператварацца ў рэальнасць.
Гэта адна з найважнейшых карцін у кар'еры Кар-Вая, вядомага сваёй паэтычнай кінамовай. Яму блізка расказваць пра такіх людзей — рамантыкаў, якія шукаюць каханне ў бурлівым свеце.
«Улада Месяца» (Moonstruck), 1987
Маладыя Шэр і Нікалас Кейдж — ужо гарантыя таго, што вы пагледзіце прыгожае кіно. Шэр увасабляе асобу Ларэты Кастарыні, 37-гадовай удавы, бухгалтаркі пахавальнага бюро. Жаніх просіць Ларэту запрасіць на вяселле свайго дзівакаватага брата Роні, але далей усё ідзе не па плане і паміж героямі ўзнікае пачуццё.
Гэтая чароўная і забаўная рамантычная камедыя ўзяла шмат узнагарод, у тым ліку і «Оскар» для Шэр за найлепшую жаночую ролю. Спытаеце, пры чым тут Месяц? Як кажа адзін з герояў, улада Месяца вялікая, бо ён прыцягвае жанчын да мужчын.
«Вечнае ззянне чыстага розуму» (Eternal Sunshine of the Spotless Mind), 2004
Ці можна сцерці каханне? Сцерці з памяці — так, але з сэрца яго не выкінуць, лічаць стваральнікі гэтай стужкі. Акрамя выдатнага зместу, гэта яшчэ і магчымасць пабачыць Кейт Уінслет з валасамі асноўных колераў вясёлкі і ацаніць Джыма Кэры ў адной з яго нешматлікіх драматычных роляў.
Што да самой гісторыі, то тут усё і проста, і адначасова заблытана. Джоэл ідзе на спецыяльную працэдуру, каб сцерці ўсю памяць пра сваю каханую Клементыну. Цягам гэтай гісторыі яго перапаўняюць успаміны пра час з Клементынай, і Джоэл стаіць перад выбарам: ці вартае каханне болю?
«Злавіць злодзея» (To Catch a Thief), 1955
Як наконт Хічкока ў Дзень усіх закаханых? Сярод яго твораў ёсць і гэты рамантычны дэтэктыў з мегазоркамі класічнага Галівуда Кэры Грантам і Грэйс Келі. Для актрысы гэта быў адзін з апошніх фільмаў у кар'еры, бо падчас здымак Келі пазнаёмілася з манакскім князем Рэнье ІІІ, які неўзабаве стаў яе мужам.
Знакаміты злодзей па мянушцы Кот даўно закінуў свой занятак і мірна жыве на віле, але тут на поўдні Францыі з'яўляецца яго пераймальнік, і ён даволі дзёрзкі. Кот разумее, што адзіная магчымасць для яго даказаць сваю невінаватасць — самому знайсці злодзея. Увагу мужчыны прыцягваюць амерыканскія турысткі Джэсі і Фрэнсіс Стывенс, маці і дачка, і ён не можа прайсці міма апошняй з іх.
«Халодная вайна» (Zimna Wojna), 2018
Гэтая гісторыя кахання ў час жалезнай заслоны — адзін з найлепшых польскіх фільмаў апошніх гадоў. Нездарма ж «Халодная вайна» атрымал россып узнагарод, у тым ліку і тры намінацыі на «Оскар».
Пасляваенная Польшча. Дырыжор Віктар шукае выканаўцаў у ансамбль народнай музыкі і праслухоўвае спевакоў з польскіх вёсак. Так ён сустракае таленавітую і амбіцыйную дзяўчыну Зулю, з якой у Віктара ўзнікае раман. Але гэта няпростае каханне, якому перашкаджаюць і пытанні палітыкі, і асабістыя пытанні. Як трапна заўважыў крытык Антон Долін, у рэжысёра Паўлікоўскага халодную вайну вядуць не толькі СССР з Захадам, але і мужчына з жанчынай.
«Вясна, лета, восень, зіма… і зноў вясна» (Bom yeoreum gaeul gyeoul geurigo bom), 2003
Зноў раім вам азіяцкае кіно, гэтым разам ад не менш вядомага, чым Вонг Кар-Вай, рэжысёра — Кім Кі Дука. Ён зняў прыгожую і філасофскую гісторыю, што можа стаць для вас акном у ментальнасць Усходу. Месца каханню ў гэтай гісторыі таксама знайшлося.
На маленькім аддаленым востраве жывуць манах-пустэльнік і яго маленькі 10-гадовы вучань. Штодзень яны кантактуюць з прыродай, удасканальваюць сябе фізічна і духоўна. Але аднойчы іх жыццё змяняецца, бо на востраў прыязджае жанчына.
«Закаханы Шэкспір» (Shakespeare in Love), 1998
Вяртаемся да заходняга кінематографа і нават да трошкі стэрэатыпнага жанру рамантычных камедый, бо «Закаханы Шэкспір» варты ўвагі. Маладыя Гвінет Пэлтрау і Джозеф Файнс, сем «Оскараў», вялікі поспех у крытыкаў і гледачоў — багата прычын не прайсці міма гэтай гісторыі.
На дварэ 1594 год, і ў Шэкспіра вялікія праблемы: няма натхнення, праблемы з грашыма, ды яшчэ і гаспадар тэатра патрабуе новую п'есу. Калі ўжо няма надзеі на змены ў лепшы бок, ён сустракае маладую арыстакратку, і тая змяняе яго жыццё.
«Форма вады» (The Shape of Water), 2017
Каханне бывае розным і часам аб'ядноўвае душы, якія, здаецца, нічога больш злучыць не можа. Пра гэта і апавядае апошняя гісторыя ў нашай падборцы — фантастычная меладрама ад сучаснага класіка фільмаў жахаў і фэнтэзі Гільерма дэль Тора.
Рэжысёр пераносіць нас у сакрэтную лабараторыю ў 1963 год, дзе працуе нямая прыбіральшчыца. Аднойчы туды прывозяць новы аб'ект для вывучэння — чалавека-амфібію, злоўленага ў Амазонцы. Нягледзячы ні на што, паміж імі ўзнікаюць пачуцці, і жанчына выратоўвае каханага ад незайздроснага лёсу.