БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Давыдзька — пра ліст, дзе ён прапануе вызваліць Лукашэнку ад пасады: «Маю пошту ўзламалі»

17.03.2021 / 12:15

Nashaniva.com

У сераду раніцай незалежныя СМІ атрымалі на рэдакцыйную пошту ліст нібыта ад дэпутата і кіраўніка «Белай Русі» Генадзя Давыдзькі, у якім ён заклікае сваіх калегаў па Палаце прадстаўнікоў разам датэрмінова вызваліць Аляксандра Лукашэнку ад пасады. У каментары Tut.by Давыдзька заявіў, што яго пошту ўзламалі — і ад яго імя рассылаюць такія лісты.

Генадзь Давыдзька. Фота Волі Афіцэравай

«Як дэпутат і грамадзянін Рэспублікі Беларусь я не магу больш спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў краіне. Я бачу, што жыццё ў Рэспубліцы Беларусь, на мой глыбокі жаль, пагаршаецца. І як бы я ні падтрымліваў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, я вымушаны прызнаць: краіна рухаецца не туды. Мы ўсё больш падвяргаемся ўплыву Захаду, хоць павінны быць з Расіяй. Таму я заклікаю сваіх калег па Палаце прадстаўнікоў разам датэрмінова вызваліць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ад пасады», — гаворыцца ў лісце, якія атрымалі рэдакцыі.

Таксама ў ім паказваецца, што Давыдзькам ужо ініцыявана стварэнне спецыяльнай камісіі, «якая «зробіць заключэнне аб няздольнасці Аляксандра Лукашэнкі ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта».

«Таксама мною накіраваны ліст у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь і запытаныя неабходныя матэрыялы і звесткі», — напісана ў гэтым лісце — і прыкладзены скрын нібыта таго звароту.

— Хтосьці ўзламаў маю пошту і ад майго імя рассылае гэтыя дурныя лісты. Вам, верагодна, гэта падабаецца, бо палітыка вашага рэсурсу накіравана на звяржэнне дзяржаўнай улады. Але вам я адказваю, як ёсць насамрэч: натуральна, я гэтага не рабіў, — заявіў Генадзь Давыдзька ў размове з журналістам Tut.by.

У Палаце прадстаўнікоў сказалі, што гэты ліст — фэйк, і ні пра якую камісію ў парламенце пытанне не ставілася.

— Гэта нейкі абсурд, гэта фэйк, натуральна. Ніякай камісіі няма, — сказалі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула