Музыка

Што мы слухалі ў кастрычніку — дзесяць найцікавейшых альбомаў месяца АЎДЫЯ

Сусветна вядомыя калектывы парадавалі сваіх прыхільнікаў доўгачаканымі рэлізамі, не абышлося без навінак і ў айчыннай музыцы.

Groove Armada — Edge of the Horizon

Брытанскія электроншчыкі выпусцілі першы за 10 гадоў лонгплэй у той час, калі вялікія фестывалі пастаўленыя на паўзу.

Альбом якраз і запісваўся ў рэжыме самаізаляцыі: музыканты проста згубіліся сярод інструментаў, сінтэзатараў і запісаў.

Мумий Тролль — Призраки Завтра

Адзін з найбольш вядомых расійскіх гуртоў анансаваў на снежань свой чарговы альбом. Але ў кастрычніку прэзентаваў рэліз-сюрпрыз, у які ўвайшлі восем трэкаў, якія канцэптуальна не падыходзілі да снежаньскага альбома.

Чаму сюрпрыз? Магчыма, таму, што Ілля Лагуценка заспяваў разам з папулярнымі рэперамі T-Fest'ам і Скрыптанітам. Неблагая спроба пазнаёміць зумераў з класікай расійскай музыкі.

Róisín Murphy — Róisín Machine

Дзесяць год таму ірландская спявачка Ройшн Мёрфі захацела запісаць альбом з дыскатэчна-клубнымі трэкамі. Менавіта той момант можна лічыць пачаткам стварэння альбома Róisín Machine, які пабачыў свет толькі цяпер.

У «машыне Ройшн» яшчэ шмат энергіі і бензіну. Ідэальны саўндтрэк для хатніх пятнічных вечарынак.

Future Islands — As Long as You Are

Новая плытка амерыканскага гурта, галоўныя фішкі якога — аксамітны голас Сэма Хэрынга і непаўторныя ягоныя ж танцы, атрымалася больш разважлівай за папярэднія і менш дынамічнай, на наш погляд.

У той жа час гэта вельмі дарослы рэліз, напоўнены гармоніяй і надзеяй на тое, што побач заўсёды будуць людзі, якія не пакінуць слухача сам-насам.

Woodkid — S16

Французскі кліпмэйкер, графічны дызайнер і аўтар-выканаўца Ёан Лемуан вядомы ў музычным свеце як Woodkid.

Сем гадоў таму ён выпусціў дэбютны альбом «The Golden Age», які праславіў аўтара дзівоснымі мелодыямі і запамінальнымі кліпамі.

Вярнуўшыся ў гэтым годзе, Woodkid прадставіў публіцы больш мінімалістычную версію свайго стылю з меланхалічным настроем.

Дай Дарогу! — Под вой собак

(асцярожна: нецэнзурная лексіка)

Брэсцкія панкі анансавалі выхад альбома на жнівень, але з-за вядомых падзей рэліз адклаўся. Ад гэтага ён не страціў актуальнасць, хутчэй наадварот.

18 трэкаў, сярод якіх як свежыя хіты, так і тыя, якія ўжо палюбіліся слухачам («Не веру», «Помоги», «Баю-бай»). На вокладцы — куча знаёмых вобразаў і твараў.

Nothing But Thieves — Moral Panic

Трэці альбом брытанскага гурта быў сустрэты крытыкамі неадназначна: адны адзначылі, што гэта больш падобна да кроку ўбок, чым да кроку наперад.

Іншыя ўхваляюць смеласць калектыву, які ўпэўнены ў сваім слухачы і не баіцца эксперыментаваць.

Gorillaz — Song Machine, Season One: Strange Timez

Song Machine — гэта не зусім альбом, а нешта кшталту музычнага серыяла, які складаецца з музычных «эпізодаў» з рознымі знакамітымі гасцямі. У стварэнні альбома ўзялі ўдзел Элтан Джон, Роберт Сміт (у фіце з салістам The Cure згадваецца, дарэчы, Беларусь), Schoolboy Q і іншыя вядомыя музыканты.

У плыткі не існуе адзінай усёабдымнай тэмы або канцэпцыі. Стракатасць у настроях і саўндзе, магчыма, і ствараюць сэнс рэліза.

Faithless — All Blessed

10 гадоў таму было абвешчана пра закрыццё праекта Faithless. Адбыліся развітальныя канцэрты, і на гэтым гісторыя калектыву павінна была скончыцца. Але нечакана музыкі вырашылі вярнуцца з новай музыкай.

У працы над новым альбомам не ўзяў удзелу фірмовы голас легендарнага трыа — Maxi Jazz. З-за гэтага новы альбом слухаецца інакш, чым папярэднія.

Bring Me The Horizon — Post Human: Survival Horror

У рэцэнзіях альбом называюць найлепшым саўндтрэкам да канца свету. Музыканты запісвалі яго дыстанцыйна, па відэасувязі, а сама плытка натхнёная змрочнымі падзеямі бягучага года.

Каментары

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»29

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць