Трэці буйны расійскі НПЗ спыніўся з-за ўдару ўкраінскага дрона
5.02.2025 / 18:6
Шэраг нападаў украінскіх беспілотнікаў на расійскія рэгіёны ў пачатку 2025 года паралізаваў працу яшчэ аднаго буйнога нафтаперапрацоўчага завода. Валгаградскі НПЗ «Лукойла», які ўваходзіць у топ-10 найбуйнейшых у Расіі і з'яўляецца галоўным пастаўшчыком паліва для Паўднёвай федэральнай акругі, спыніў працу праз удар дрона 3 лютага, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў галіне.
Валгаградскі НПЗ. Фота: petrodigest.ru
Па словах суразмоўцаў агенцтва, у выніку пажару на заводзе маглі атрымаць пашкоджанні адна з установак першаснай перапрацоўкі нафты, а таксама чыгуначная эстакада наліву нафтапрадуктаў.
Рамонтныя работы на пашкоджаных участках могуць заняць адзін-паўтара месяца, хоць частковае аднаўленне перапрацоўкі магчымае ў бліжэйшы час, удакладніла адна з крыніц.
Валгаградскі НПЗ, які выпускае 4% усяго бензіну ў Расіі і 7% — дызпаліва, стаў трэцім заводам за апошнія тыдні, якія спынілі выпуск паліва з-за удараў УСУ. 24 студзеня адгрузкі спыніў разанскі НПЗ «Раснафты», а 4 лютага вытворчасць паліва спыніў Астраханскі ГПЗ «Газпрама».
У мінулым годзе пад налёты БПЛА патрапілі не менш за 15 буйных НПЗ. У выніку аб'ёмы перапрацоўкі нафты ў краіне ўпалі да 12-гадовага мінімуму — 267 млн тон, а экспарт нафтапрадуктаў прасеў на 9%, да 62 млн тон.
Паводле звестак расійскага Мінэнерга, выпуск бензіну ў Расіі за год асеў на 6,4%, а дызпаліва — на 7,4%.