БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Швед: Праз камісію па вяртанні вярнуліся 19 чалавек, дазвол атрымалі яшчэ 40 чалавек

4.02.2025 / 13:8

Nashaniva.com

Праца камісіі па вяртанні грамадзян, якія з'ехалі з радзімы, будзе працягнутая. Пра гэта заявіў журналістам генеральны пракурор Андрэй Швед па выніках сустрэчы з Лукашэнкам, піша БелТА.

«Праца камісіі будзе працягнутая. Мы лічым, што яна ўносіць сваю лепту ў вырашэнне шэрагу пытанняў», — сказаў Андрэй Швед.

Паводле яго слоў, камісія ўжо разгледзела 241 заяву, 19 чалавек ужо вярнуліся ў Беларусь (некаторыя прыязджалі і вярталіся па некалькі разоў, па словах Шведа).

«Каля 40 асобам дадзены тлумачэнні аб тым, што яны могуць спакойна вяртацца: у нас да іх няма ніякіх прэтэнзій. Але я ведаю, што частку з іх дастаткова шчыльна апрацоўваюць замежныя спецслужбы.

Мы ведаем факты. Тым людзям, якія будуць вяртацца, мы будзем даваць слова, і ад іх вы пачуеце, даведаецеся ўсю праўду пра тое, як «салодка» жывецца за мяжой, якое да беларусаў стаўленне і якім чынам і хто перашкаджае вяртанню нашых грамадзян на сваю радзіму», — сказаў генеральны пракурор.

«Любы, хто жадае вярнуцца, звяртайцеся. Вы атрымаеце аб'ектыўную інфармацыю, і ўсе гарантыі, якія ўстаноўлены ўказам кіраўніка дзяржавы, безумоўна, будуць выкананы. Вы спакойна заедзеце ў нашу краіну, як ужо заехала 19 чалавек. З кожным з іх вы можаце пагутарыць. Усё, што пішацца за мяжой, што нібыта тут кагосьці затрымалі і гэтак далей, — такіх фактаў мы не ведаем.

Акрамя аднаго: асоба вярнулася сюды, але была затрыманая за ўчыненне іншага злачынства. Гэта ж не значыць, што, калі асоба вярнулася, у яго імунітэт ад адказнасці за іншыя злачынствы», — дадаў Андрэй Швед.

Камісія таксама вывучае матэрыялы грамадзян, якія былі асуджаныя за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці і звярнуліся да яго з заявай аб памілаванні. «Праца камісіі ўлічвалася кіраўніком дзяржавы пры прыняцці рашэнняў аб амністыі», — дадаў генпракурор.

Чытайце таксама:

Швед: Узровень злачыннасці ў Беларусі дасягнуў свайго гістарычнага мінімуму

Лукашэнка раскрытыкаваў выбары на Захадзе

Лукашэнка распытаў Шведа пра камісію па вяртанні

Каментары да артыкула