Пяць частых памылак пры падачы на візу
3.02.2025 / 7:0
Пагутарылі з візавай эксперткай і рэдактаркай visaflow.live Анастасіяй Лысакоўскай пра асноўныя памылкі, якія дапускаюць беларусы пры падачы на візу і пры падарожжы з ёй.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Памылка №1. Атрымаць польскую працоўную візу, каб падарожнічаць
У апошнія гады самай легкадаступнай для беларусаў лічылася польская працоўная віза. Фэйкавыя запрашэнні на працу каштавалі няшмат, а сама віза рабілася даволі хутка і, як правіла, адразу на год. Многія рабілі яе не таму, што збіраліся працаваць у Польшчы, а праз тое, што гэта было адносна проста.
Калі вы выкарыстоўвалі візу не для той мэты, для якой прасілі, то наступны раз вам у такой візе могуць адмовіць. Хоць аўтаматам гэта не значыць, што працоўную візу вам больш ніколі не адкрыюць.
Тым, хто падаецца пасля нямэтавага выкарыстання візы, спецыяліст раіць падрыхтаваць добры пакет дакументаў і прыкласці да яго хадайніцтва на імя консула з тлумачэннем прычын, чаму папярэдняя віза не была выкарыстаная па прызначэнні. Гэта можа павялічыць шанцы на поспех.
Па словах Анастасіі Лысакоўскай, пасля таго, як Польшча пастрожыла кантроль за выкарыстаннем працоўных віз і віз Poland.Business Harbour, попыт на адкрыццё працоўнай візы прыкметна зменшыўся.
«Бываюць выпадкі, калі людзі адкрываюць працоўную візу на падставе набытага за грошы запрашэння ад фірмы, дзе працаваць не плануюць. Але ў выніку яны ўсё адно едуць у Польшчу і там працаўладкоўваюцца, хоць і ў іншым месцы. Такі варыянт адкрыцця візы разглядаць можна, а вось адкрываць працоўную візу, каб па ёй падарожнічаць — дакладна не варта», — кажа экспертка.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Па словах Анастасіі Лысакоўскай, попыт на працоўныя польскія візы з боку беларусаў знізіўся яшчэ і праз тое, што палякі на самой мяжы моцна пастрожылі кантроль за выкарыстаннем віз. Таму сустракаюцца выпадкі ануляванняў.
Памылка №2. Адмяніць бронь гатэля
Але падлягаюць ануляванню не толькі польскія працоўныя візы.
«Калі мы маем справу з шэнгенскай візай, найбольш частая прычына анулявання візы — адмена браніравання гатэля, якое было паказана на падачы. Асабліва часта гэта назіраецца ў Балгарыі і Венгрыі, радзей у Грэцыі».
Таксама вы рызыкуеце атрымаць ануляванне шэнгенскай візы, калі было выяўлена парушэнне візавых правілаў — напрыклад, перавышэнне тэрміну знаходжання.
Памылка №3. Няўважліва прачытаць патрабаванні
Яшчэ адна памылка — недакладнае вывучэнне патрабаванняў.
«Шэнгенскія візы практычна ўсіх краін маюць падобны пакет дакументаў, але некаторыя патрабаванні могуць адрознівацца.
Напрыклад, Іспанія патрабуе выпіску з рахунку за апошнія тры месяцы. Рэшта мусіць складаць не менш за 113 еўра на чалавека на дзень знаходжання (мінімум 1020 еўра). Але з такім мінімумам на карце вы хутчэй за ўсё атрымаеце адмову, таму лепей, каб у выпісцы было больш за 1500 еўра на чалавека.
Германія, напрыклад патрабуе пераклад усіх дакументаў на англійскую ці нямецкую мову, але выпіску з рахунку перакладаць не трэба.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Таксама даволі часта не прымаюць дакументы пры падачы сем'ямі з дзецьмі, паколькі краіны маюць розныя патрабаванні натарыяльнага дазволу на выезд дзіцяці. Адныя краіны патрабуюць гэты дакумент з дазволам абаіх бацькоў, а некаторыя краіны не просяць наогул, таму трэба ўважліва вывучаць пытанне».
Памылка №4. Адкрываць візу ў Грэцыю праз Іспанію
Спецыялістка раіць адказна выбіраць краіну падачы, каб не атрымалася так, што чалавек з грэчаскай візай ехаў на аўто ў Іспанію, якая знаходзіцца ў зусім іншым кірунку.
«Германія ўвяла наземны кантроль, і калі чалавек трапіць з візай Грэцыі на такі кантроль, то будуць пытанні наконт мэтавага выкарыстання візы», — тлумачыць Лысакоўская.
Агулам, што тычыцца Грэцыі, то візу ў гэтую краіну лепей адкрываць у сезон з мая па кастрычнік, паколькі зімой існуе вялікая верагоднасць атрымаць адмову.
Памылка №5. Чакаць, што першы раз дадуць мультывізу
Сярод іншых памылак агентка называе падачу запыту на мультывізу, калі ў чалавека адсутнічае візавая гісторыя.
«Многія дагэтуль не разумеюць усю складанасць сітуацыі. Калі да гэтага не было добрай візавай гісторыі, разлічваць на доўгатэрміновую візу не варта. Ёсць пара краін, такіх як Італія, Германія і Францыя, якія могуць паставіць добрую візу ў пусты пашпарт (ад 3—6 месяцаў), але гэта вялікая рэдкасць», — кажа спецыялістка.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Падсумоўваючы, экспертка адзначае, што на пачатак 2025 года атрымаць візу беларусам нават складаней, чым было ў 2022-2023-м.
«Стала менш магчымасцей запісацца, Італія і Францыя раней лепей працавалі. Консульствы зварочваліся паступова, таму ў 2022—2023 гадах было больш варыянтаў, чым цяпер. Шляхоў атрымання віз становіцца менш, таму тэрміны атрымання віз павялічыліся», — кажа Анастасія Лысакоўская.