Вакол пахавання Марыі Зайцавай узніклі спрэчкі. Стала вядома, як і дзе пахаваюць беларускую добраахвотніцу
20.01.2025 / 19:21
24-гадовая Марыя Зайцава загінула на фронце на наступны дзень пасля свайго чарговага дня нараджэння. Дзяўчына пакінула пісьмовае завяшчанне, як яе пахаваць.
Стыхійны мемарыял у памяць аб Марыі Зайцавай. Фота з фэйсбуку Крысціны Шыянок
Учора ў фэйсбуку з’явіўся допіс ваяра Руслана Мірашнічэнкі, які да лістапада 2024 года быў камандзірам Другога інтэрнацыянальнага легіёна, дзе служыла Марыя Зайцава. Цяпер па стане здароўя ён часова не служыць, праходзіць лячэнне.
Руслан пісаў, што пабрацімы з 2-га Легіёна расказалі яму пра прапановы асоб з беларускай дыяспары ў Празе палітызаваць пахаванне Марыі.
«Везці цела ў Прагу, крэмацыя, акцыі, выбары. Гэтага не будзе. Ёсць воля Марычкі, якую яна агучвала і пабрацімам, і мне асабіста.
І вось яна: «Санта (пазыўны Мірашнічэнкі — НН), калі я загіну, пахавайце мяне побач з маім братам [загінулым добраахвотнікам] Мінскам. Прашу. Ты ж, Санта, не адпусціў мяне на пахаванне, дык хоць пахавай мяне побач з ім. І каб ты сам, Санта, быў там, і пабрацімы. Абяцаеш?! Ты і пабрацімы, і пасёстры нашы…».
Гэта асабістае. І гэта адбудзецца. Я даў слова. Пабрацімы далі слова. Гэта наша Дзяўчына. Гэта наш Герой. Гэта наша Сястра. І будзе так. Будзе вайсковы чын і залп. Будуць сцягі. Сцягі Вольнай Беларусі і Вольнай Украіны. Будуць Ваяры развітвацца з Ваяром. Свае да Свайго пра Свае са Сваімі. Жыццё і Смерць».
«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць сітуацыю Крысціну Шыянок, былую каардынатарку медычна-гуманітарнай праграмы Medevac і дырэктарку Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі. Менавіта яе Марыя пазначыла адзіным кантактам на выпадак сваёй смерці, а таксама пакінула свае пісьмовыя пажаданні наконт таго, як павінна адбыцца пахаванне:
«Я з моманту трагедыі ў кантакце з адказным афіцэрам з 2-га Інтэрнацыянага легіёна, а таксама з роднымі Машы. Мы ўзгаднілі месца і форму пахавання з улікам волі Машы, а таксама папярэднюю дату, з улікам пажадання майго і яе сямейнікаў.
У пахаванні, якое пройдзе ў Кіеве, возьме ўдзел таксама дэлегацыя з Чэхіі, у якой будуць як прадстаўнікі і прадстаўніцы профільнага міністэрства, праз медычна-гуманітарную праграму якога яна апынулася ў Чэхіі, дзе пражыла тры гады, так і блізкія ёй людзі з праграмы і беларускай супольнасці Прагі.
Я ўдзячная афіцыйнаму ўкраінскаму боку, што ў пытанні годнага развітання з Марыяй мы дасягнулі дамоўленасці. Марыя змагалася за свабоду Беларусі і незалежнасць Украіны. Яна гераіня абедзвюх краін».
Крысціна падкрэсліла, што сама Марыя ніколі не казала, што хацела б быць рэпатрыяванай у Чэхію — яна разглядала варыянты пахавання ў Беларусі ці Украіне.
Крысціна таксама ўдакладніла, што сваякі Марыі першапачаткова прасілі аб крэмацыі, каб потым былі дзве урны з прахам, адну з якіх захавалі б у Кіеве, а другую ў родным Гомелі. Але ж сама дзяўчына пры жыцці была супраць крэмацыі — таму ў выніку вырашылі на карысць яе волі.
Марыя пісала Крысціне: «Дарэчы, я пазначыла ў анкеце, што я атэіст. Не ведаю, ці паўплывае гэта на маё магчымае пахаванне, але я б не хацела быць пахаванай пад крыжам».
— Яшчэ яна не любіла кветкі. Таму я стараюся паўсюль акцэнтаваць, каб людзі лепш прыносілі на пахаванне фота, партрэты і свечкі, — дадала Крысціна.
Дарэчы, ва Украіне распачаўся збор сродкаў на імянную снайперскую вінтоўку «Марыя Зайцава» ў памяць пра адважную беларуску.
Крысціна лічыць, што больш дарэчным было б даць зброі назву «Марыя Хальц», бо сама дзяўчына хацела змяніць прозвішча Зайцава.
— У яе па адной лініі былі продкі, якія ў свой час трапілі ў Беларусь з Галандыі. Мы планавалі з Машай скласці яе радавод, але не паспелі.