Самы багаты спецслужбіст планеты намерыўся стаць лідарам новай тэхналагічнай рэвалюцыі
19.01.2025 / 17:49
Загадкавы і непублічны шэйх Тахнун бін Заід аль Нахаян, які ўзначальвае выведку ААЭ і кіруе адным з найбуйнейшых капіталаў планеты, вырашыў укласці астранамічную суму грошай у развіццё сістэм штучнага інтэлекту, каб стаць лідарам новай глабальнай тэхналагічнай рэвалюцыі. Такі крок можа стаць прадвеснікам пераўтварэння галіны ШІ ў сістэму татальнага кантролю насельніцтва.
Шэйх Тахнун бін Заід аль Нахаян, кіраўнік выведкі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Фота: Fatemeh Bahrami / Anadolu Agency via Getty Images
Шэйх Тахнун бін Заід аль Нахаян, родны брат прэзідэнта Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Мухамеда бін Заід аль Нахаяна — адзін з самых багатых і ўплывовых людзей у свеце, які кіруе актывамі на суму звыш 1,5 трыльёна даляраў. Гэтая сума складаецца з часткі асабістага капіталу сям'і Аль Нахаян у больш за 300 мільярдаў даляраў і актываў аднаго з найбуйнейшых суверэнных фондаў планеты — Аб’яднанай інвестыцыйнай адміністрацыі ААЭ (ADIA).
З'яўляючыся кіраўніком нацыянальнай выведкі ААЭ і старшынёй урадавай рады па штучным інтэлекце і перадавых тэхналогіях, шэйх Тахнун бін Заід аль Нахаян жадае скарыстацца ўсім падкантрольным яму капіталам, каб дамагчыся бясспрэчнага дамінавання ААЭ ў сусветнай галіне штучнага інтэлекту (ШІ), піша выданне Wired.
Сёння Тахнун бін Заід фактычна кантралюе ўвесь ШІ-сектар ААЭ, інвестуючы мільярды ў будаўніцтва дата-цэнтраў, у тым ліку ў ЗША і Кітаі. Адным з такіх траншаў у хуткім часам можа стаць інвестыцыя ў $100 мільярдаў у развіццё сусветнага ШІ-рынка, які сам па сабе цяпер каштуе амаль $750 мільярдаў.
Гэта сведчыць аб тым, што шэф выведкі ААЭ гатовы на ўсё, каб стаць лідарам новай глабальнай тэхналагічнай рэвалюцыі, нягледзячы на ўсе палітычныя выклікі і крытыку ў адрас метадаў кіравання эмірацкага шэйха, адзначае Wired.
Шэйх Тахнун бін Заід аль Нахаян, кіраўнік выведкі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Фота: WAM via AP
Па стылі жыцця Тахнун бін Заід — гэта сумесь традыцыйнага арабскага шэйха, тэхналагічнага на заходні манер мільярдэра, апантанага шахматамі, веласпортам і джыў-джытсу, і галоўнага злодзея з фільмаў пра Джэймса Бонда. Шэф выведкі ААЭ заўсёды носіць цёмныя акуляры, нават у трэнажорнай зале, з-за адчувальнасці да святла, вядзе непублічны лад жыцця і атачае сябе аховай з ліку чэмпіёнаў UFC і змешаных баявых мастацтваў. Паводле аднаго з бізнэсменаў, які сустракаўся з шэйхам асабіста, перад перамовамі той настойвае на неабходнасці здзейсніць з ім некалькі кругоў па яго вялікім прыватным велатрэку.
Сярод шматлікіх бізнэс-актываў аль Нахаяна асаблівае месца займае велізарная карпарацыя G42, якая займаецца даследаваннямі ў галіне штучнага інтэлекту і біятэхналогій (асабліва ў сферы пошукаў метадаў перамогі над смерцю). Менавіта гэтая кампанія з'яўляецца флагманам і асноўным інструментам шэйха Тахнуна бін Заід аль Нахаяна, праз які ідуць інвестыцыі ў сусветную галіну ШІ, падкрэслівае Wired.
Цёмным неафіцыйным бокам карпарацыі G42 з'яўляецца распрацоўка найноўшых сістэм узлому і сачэння за людзьмі для патрэб спецслужбаў ААЭ і палітычных рэпрэсій у адносінах да любых апанентаў улады арабскай манархіі.
Паводле міжнародных правабарончых арганізацый, G42 і яе кампаніі-папярэднікі з іншымі назвамі былі адказныя за стварэнне праграмы DarkMatter (эмірацкі аналаг ізраільскага шпіёнскага інструменту Pegasus і лукашэнкаўскай сістэмы відэадсочвання Kipod) і папулярнага некалькі гадоў таму месенджара ToTok (ToTok дазваляў ураду ААЭ шпіёніць за мільёнамі карыстальнікаў у розных краінах свету. Google і Apple пазней выдалілі яго з сваіх крам пасля абвінавачванняў у шпіёнскай дзейнасці).
Да 2024 года карпарацыя G42 і іншыя тэхналагічныя кампаніі Тахнуна бін Заід аль Нахаяна актыўна супрацоўнічалі з урадам і бізнэс-гігантамі Кітая, аднак пасля G42 абвясціла аб разрыве сувязяў з Кітаем і выдаленні са сваіх сервераў кітайскага абсталявання. Кітайскія спецыялісты пачалі ціха пакідаць тэхналагічны сектар ААЭ, сцвярджаюць мясцовыя медыя, блізкія да ўлады манархіі.
У гэты ж час пачалася інтэнсіўная дыпламатычная кампанія па наладжванні адносін паміж ЗША і ААЭ, падчас якой Тахнун бін Заід наведаў мільярдэра Ілана Маска ў Тэхасе, правёў трэніроўку па джыў-джытсу з кіраўніком Meta Маркам Цукербергам, а таксама сустракаўся з заснавальнікам Microsoft Білам Гейтсам і ўладальнікам Amazon Джэфам Безасам. Аднак найбольш важныя сустрэчы ў 2024 годзе адбыліся ў Белым доме з такімі ключавымі асобамі, як дарадца па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван і сам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, піша Wired.
Нягледзячы на намаганні шэйха аль Нахаяма заваяваць давер амерыканскіх тэхналагічных гігантаў і палітыкаў, многія аналітыкі ў сферы нацыянальнай бяспекі ЗША заставаліся скептычнымі адносна шчырасці намераў шэйха.
Асноўныя асцярогі заключаліся ў тым, што Тахнун бін Заід мог зымітаваць разрыў бізнэс-сувязаў з Кітаем і ўсё яшчэ застаецца надзейным партнёрам Пекіна, а інвестыцыі ААЭ ў ШІ-сектар США могуць спрыяць масавай перадачы амерыканскіх тэхналогій у Кітай у абыход санкцый.
«Эміраты — майстры ў балансаванні інтарэсаў. Галоўнае пытанне: ці не гуляюць яны на два бакі?» — заяўляў у ліпені 2024 года старшыня Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША Майкл МакКол.
Другім фактарам рызыкі з'яўляюцца як рэпутацыя ААЭ ў якасці аўтарытарнай дзяржавы з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека, так і таемная дзейнасць карпарацыі G42 і іншых актываў шэйха аль Нахаяма.
«Няма сумневаў у тым, што ААЭ хацелі б уплываць на развіццё ШІ, каб выкарыстоўваць яго для павышэння дзяржаўнага кантролю і парушэння правоў грамадства, а не дзеля агульначалавечых каштоўнасцяў», — заяўляюць амерыканскія эксперты.