БЕЛ Ł РУС

Эканоміка

Працадаўцы больш не хочуць выпускнікоў з эканамічнай адукацыяй

18.01.2025 / 19:21

Nashaniva.com

«Вучыцеся памыляцца, а не бізнэс-планам!» — заклікаў у свой час Насім Талеб беларускіх бізнэсоўцаў. Новыя даныя паказваюць, што выказванне Талеба — нешта большае, чым яркі слоган. 

Выпускная цырымонія праграмы MBA SBMT БДУ. Фота: Sbmt / Wikimedia Commons

Не так даўно тытул MBA — магістр бізнэсу — быў квітком у свет высокага бізнэсу. Сёння ўсё больш выпускнікоў гэтых праграм сутыкаюцца з цяжкасцямі пры пошуку працы — піша польскі партал onet.pl

Доля выпускнікоў, якія знаходзяць працу ў першыя месяцы пасля заканчэння вучобы, скарачаецца нават у такіх прэстыжных амерыканскіх універсітэтах, як MIT Sloan. Пяць-дзесяць год таму 93% выпускнікоў знаходзілі працу на працягу трох месяцаў пасля вучобы, у 2024 годзе гэты паказчык знізіўся да 77%.

На думку экспертаў, зніжэнне прэстыжу MBA абумоўлена шэрагам фактараў. Па-першае, многія кампаніі аддаюць перавагу навуковым ступеням як больш надзейнаму паказчыку ведаў і кампетэнцый, асабліва ў дакладных навуках і інжынерыі. 

Па-другое, расце ўсведамленне ключавой ролі практычнага вопыту. Насім Талеб не адзіны ў сваім скептыцызме да «бізнэс-планаў» і бізнэс-адукацыі. Той жа Ілан Маск таксама неаднаразова крытыкаваў менеджараў з MBA за недахоп рэальных бізнэс-кампетэнцый.

Аўтары таксама адзначаюць, што апошнія гады доля выпускнікоў MBA, якія традыцыйна ішлі ў сферы фінансаў і кансалтынгу, значна скарацілася. У 2024 годзе колькасць выпускнікоў, якія пачалі працу ў вядучых кансалтынгавых фірмах, паменшала на чвэрць у параўнанні з папярэднімі трыма гадамі. Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў тэхналагічных кампаніях, дзе найм выпускнікоў MBA скараціўся ўдвая.

Нягледзячы на гэтыя тэндэнцыі, некаторыя выпускнікі робяць выбар на карысць прадпрымальніцтва. Папулярнасць набіраюць так званыя «фонды пошуку», search funds, якія даюць магчымасць выпускнікам купляць малыя бізнэсы і кіраваць імі. Гэта менш рызыкоўная альтэрнатыва традыцыйнаму стартапу, якая прыцягвае ўсё больш студэнтаў.

Перагляд структуры і ўтрымання праграм MBA становіцца ўсё больш відавочнай неабходнасцю, сцвярджаюць журналісты The Economist. Універсітэты павінны адаптавацца да сучасных патрабаванняў рынку, дзе ўсё большую ролю адыгрываюць тэхнічныя навыкі і міждысцыплінарны падыход. Без гэтых змен іх значэнне будзе яшчэ больш змяншацца.

Чытайце таксама:

«Затрыманае развіццё»: усё больш маладых людзей адкладае дарослае жыццё на святога ніколі

Эканаміст Данейка: Цяпер пры рэформах эканомікі не будзе ўспышак беспрацоўя

Да 30 тысяч еўра. Што ўмеюць і колькі зарабляюць эскортніцы на Піцерскім міжнародным эканамічным форуме

Каментары да артыкула