У Славакіі школьнік адмовіўся паціснуць руку прэзідэнту праз яго пазіцыю па вайне ва Украіне
14.01.2025 / 23:16
Падчас урачыстасцяў у прэзідэнцкім палацы 13 студзеня славацкі старшакласнік Сіман Оманік адмовіўся паціснуць руку прэзідэнту краіны Петэру Пелегрыні праз прарасійскую пазіцыю апошняга. Адбылося гэта падчас узнагароджання пераможцаў матэматычнай алімпіяды.
Замест таго, каб паціснуць руку прэзідэнту, Сіман Оманік ёй толькі махнуў і адвярнуўся. Фота: Dennik N
Оманік абвінаваціў прэзідэнта ў несумленнай перамозе на выбарах: з ягоных слоў, Пелегрыні маніпуляваў тэмай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй, настройваў выбаршчыкаў супраць свайго апанента, сцвярджаў, што той у выпадку свайго абрання адправіць іх ваяваць ва Украіну.
«Я не думаю, што было б правільна паціснуць руку такому чалавеку або мець зносіны з ім, таму што я не згодны з ім і лічу яго ашуканцам і хлусам», — сказаў юнак у інтэрв'ю славацкаму выданню Dennik N.
Атрымліваць узнагароду ён выйшаў з жоўта-блакітнай стужкай на пінжаку.
Раней прэзідэнт Славакіі адмовіўся ехаць у Кіеў праз спыненне транзіту расійскага газу праз Украіну. «Калі мне давядзецца паехаць туды, каб проста сфатаграфавацца, і мне паведамяць, што ні кроплі нафты і газу не пойдзе ў Славакію, мне сапраўды не абавязкова туды ехаць. Хай ніхто на мяне не злуецца», — заявіў ён тады.
Петэр Пелегрыні лічыцца прарасійскім палітыкам і саюзнікам прэм'ер-міністра Роберта Фіца. Пелегрыні перамог на прэзідэнцкіх выбарах у Славакіі ў 2024 годзе.
Чытайце таксама:
Фіца не паедзе ў Кіеў для абмеркавання транзіту газу
Фіца прапанаваў Зяленскаму сустрэцца і абмеркаваць транзіт газу. Той адказаў лаканічна
Польшча не дала славацкай дэлегацыі дазвол на пралёт у Маскву. Тыя ляцелі ў абход
Прэм'ер Славакіі пасля паездкі да Пуціна паехаў адпачываць у шыкоўны в'етнамскі гатэль