Новы прэзідэнт Еўрапейскай рады прыбыў у Кіеў
1.12.2024 / 11:50
У Кіеў 1 снежня прыбылі вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас разам з камісарам па пашырэнні Мартай Кос і прэзідэнтам Еўрапейскай рады Антонію Кошта.
У Кіеў 1 снежня прыехалі новыя прадстаўнікі еўраструктур. Фота: kajakallas / x.com
Як паведаміла Калас, яе пасланне з'яўляецца адназначным: Еўрапейскі Саюз хоча, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне.
«Мы зробім для гэтага ўсё магчымае», — акцэнтавала яна.
Кошта, у сваю чаргу, заявіў, што з першага дня вайны ЕС стаіць на баку Украіны.
«З першага дня нашага мандата мы пацвярджаем нашу непахісную падтрымку ўкраінскаму народу», — падкрэсліў ён.
Еўрапейскі парламент 27 лістапада зацвердзіў новы склад Еўракамісіі на чале з Урсулай фон дэр Ляен, сфармаваны пасля еўравыбараў 2024 года.