БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Тур патлумачыў, што Лукашэнка меў на ўвазе, кажучы пра прызначэнне дырэктараў у прыватныя кампаніі

25.11.2024 / 19:41

Nashaniva.com

Нядаўняя прапанова Лукашэнкі, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі кіраўнікоў прыватных структур, выклікала шырокі рэзананс і, як выглядае, уладам ён не спадабаўся. Дзеля таго растлумачыць, што ж такое Лукашэнка насамрэч нібыта меў на ўвазе, даручылі вядомаму прапагандысту Ігару Туру.

За прапагандысцкія старанні Лукашэнка ў 2021 годзе ўзнагародзіў Ігара Тура медалём Францыска Скарыны. Фота: president.gov.by

Ігар Тур крытыкуе апанентаў улады, якія, паводле яго слоў, прама сцвярджаюць, што старшыні райвыканкамаў будуць прызначаць кіраўнікоў у прыватным бізнэсе, а каб давесці, што насамрэч гэта не так, цытуе Лукашэнку:

«Нічога страшнага, калі ён [старшыня райвыканкама] у нейкім сэнсе будзе прызначаць, зацвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структур. Тады і ўплыў будзе ў іх на гэта». 

Тур сцвярджае, што гэтыя словы, маўляў — не прамая пастаноўка задачы, а «разважанні на нарадзе». Таксама яму падаюцца важнымі агаворкі «ў нейкім сэнсе» і варыянтнасць дзеянняў, якія могуць рабіць кіраўнікі раённай вертыкалі з кіраўнікамі прыватных структур.

Прапагандыст лічыць, што гаворка ў гэтай цытаце ідзе перадусім толькі пра ўзгадненне, і прапанова, маўляў, «звядзецца да права вета ад улады на прызначэнне кіраўніком прыватнага бізнэсу нейкага суб'екта».

Бо, маўляў, калі прыватная структура банкрутуе, а дырэктар яе бясследна знікае, то ўсе ідуць да дзяржавы з просьбай аб рознага кшталту ўмяшальніцтве і дапамозе. А дзяржава ў Беларусі такая добрая, што не можа пакінуць людзей сам на сам са сваімі праблемамі і заўсёды ратуе ахвяр прыватнага бізнэсу, «таму што свае ж людзі». 

«І калі дзяржава ў асобе мясцовай улады бачыць, што ў прыватны бізнэс прызначыць спрабуюць сумнеўнага кіраўніка — лепш адразу гэта заблакаваць, каб папярэдзіць праблемы людзей, якія потым старшыні выканкама давядзецца вырашаць».

Прытым Тур сцвярджае, што нефармальна, як гэта вядзецца ў Беларусі, падобная практыка і так ужо дзесяцігоддзямі існуе, хоць законамі аформленая не была: 

«Ёсць падставы меркаваць, што ў дзяржавы і мясцовай улады і раней было і ёсць «права вета» на прызначэнне кіраўніка прыватнага бізнэсу».

Гэты непублічны механізм заснаваны

«на паважлівай, але настойлівай просьбе да ўладальніка бізнэсу прыняць іншае рашэнне. Дзесяцігоддзямі працуе так, і ніякага крыку ад бізнэсу, калі гэта бізнэс, а не палітычны каля-бізнэс».

Больш таго, сам бізнэс, маўляў, «з задавальненнем ідзе насустрач», бо ён «заўсёды хоча дружбы ці хаця б канструктыўных адносін з уладай, а не гордай і тупаватай «незалежнасці». Для яго нібыта галоўнае ў жыцці — кампраміс з дзяржаўным бізнэсам, які ў рэгіёне прадстаўляе старшыня райвыканкама.

Таму, падсумоўвае прапагандыст, «прапанова Аляксандра Лукашэнкі — катэгарычна правільная», а таксама «крутая ды своечасовая». 

Чытайце таксама:

Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі і дырэктараў прыватных структур

Беларускія бізнэсмены прадстаўлялі на міжнароднай канферэнцыі Зімбабвэ

Былы міністр унутраных спраў Беларусі мае бізнэс у акупаваным Марыупалі

«Недалёкі чалавек, які займаецца паклёпам». Беларуска расказала, як мусіла ліквідаваць бізнэс і з'ехаць пасля нападак Бондаравай

Як «кашалёк» Лукашэнкі Зайцаў зарабляе на продажы люксавага адзення

Каментары да артыкула