Азаронак пахваліўся, што гэта была яго ідэя пакласці нацыянальны сцяг пад ногі Пратасевічу
14.10.2024 / 13:38
У маі 2023 года прапагандыст Рыгор Азаронак паклікаў на свой стрым Рамана Пратасевіча. На парозе студыі тады паклалі бел-чырвона-белы сцяг — каб Пратасевіч пры выхадзе са студыі прайшоўся па ім (але ён пераступіў).
Нацыянальны беларускі сцяг на парозе студыі Азаронка. Фота апублікаваў праўладны канал
«Што гэта за дзіч? Хто гэта прыдумаў? Гэта ваша ідэя?» — спытала Сабчак у Азаронка ў інтэрв'ю.
«Гэта мая ідэя. Гэта нацысцкі сцяг. «Знак бяды», каторы заўжды з'яўляецца там, дзе…»
«Як вы гэта прыдумваеце? Мне проста цікава, можа вы нейкія там, не ведаю, мухаморы ў мікрадозе…?» — спрабавала пакпіць Сабчак.
«Ён у мяне ляжаў заўсёды, Ксенія Анатольеўна. Ніякіх мухамораў. Я натхняюся вашымі праграмамі. Я пагляджу Ксенію Сабчак, і вось такія ідэі мне адразу прыходзяць у галаву. Мне хочацца знішчыць вас, разарваць вас, лібералаў. (…) Таму прыходзяць вось такія ідэі», — спакойна адказаў Азаронак.
Па яго словах, пасля перадачы гэты сцяг «рытуальна» спалілі.
Сабчак таксама пацікавілася ў Азаронка, ці можна жыць у Беларусі і не падтрымліваць Лукашэнку, быць супраць яго.
«Гэта няправільна — жыць у Беларусі і не падтрымліваць нашага прэзідэнта цяпер. Таму што прэзідэнт ахоўвае нашу краіну ад вялікай пагрозы вайны. Беларусь у прыцэле.
І тыя людзі, якія… Разумееце, у чым рэч. Падтрымліваць актыўна цябе ніхто не прымушае. Ну сядзі там, на кухні ў сябе, нешта размаўляй. Але дзе мяжа, калі ён потым возьме нож і каго-небудзь заб'е, ці па заданні СБУ, напрыклад, узарве Ксенію Сабчак, якая прыехала да нас у госці, як агента «рускага свету»? Дзе гэтая мяжа? Таму мы працуем з грамадствам».