«Вясна»: Аляксандр Кулініч не быў прызнаны палітвязнем, але гэта няважна
10.04.2024 / 19:8
Праваабарончы цэнтр «Вясна» з нагоды смерці за кратамі Аляксандра Кулініча заявіў, што фармальна гэтага чалавека не было ў спісе асоб, прызнаных палітвязнямі, але гэта толькі таму, што праваабаронцы не мелі інфармацыі пра ягоны пераслед.
Аляксандр Кулініч
Безумоўна, Аляксандр Кулініч з'яўляўся палітвязнем, падкрэслівае «Вясна». І такім чынам, гэта ўжо шосты палітзняволены, які памёр за кратамі.
Першы вядомы выпадак смерці палітвязня за кратамі — смерць 50-гадовага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17.
7 траўня 2023 года ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч.
Ноччу 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У яго была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў гродзенскай турме №1.
У ноч на 9 студзеня ў калоніі «Віцьба» ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько.
У лютым у калоніі памёр палітвязень Ігар Леднік — ён меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам, аднак яму ўсё адно прызначылі 3 гады калоніі за «паклёп на Лукашэнку».